Сябры, а сёння – сусветны дзень паэзіі, таму вось вам добры верш пра паэзію.Юлі Таўбін – Лірычнае Хв…

Сябры, а сёння – сусветны дзень паэзіі, таму вось вам добры верш пра паэзію.

Юлі Таўбін – Лірычнае Хваляваньне

Так вечар прыходзіць лірычнаю зданьню,
Балядным героем — сьпявакам старым…
Лірычнае хваляваньне
Праходзіць, як вецер, па сэрцы маім.

Ўрачыстыя оды скандуючы, вербы
Схіляюцца каля варот
І шэпчуць: «Пішы без хлусьлівых гіпэрбал,
Пішы без узвышаных троп».

Паперу — на зэдлік… Пяро — на канапе…
Душа разагрэта вячэрнім агнём.
Трамвай праляцеў, як двухстопны анапэст,
І іскры дрыжаць за акном.

Я зь вершам праходжу жыцьцёвыя тракты,
Я зь вершам — і ў крозах, і ў сьне…
Харэі і ямбы, і пругкія дактылі
Заўсёды на варце ў мяне.

Мы пройдзем супольна і будзем змагацца,
Супольна зьбіваючы кожны рыф —
І стромкія сьцены алітэрацый,
І ўзгоркі клясычных рыфм.

Так вечар праходзіць, так сунецца раньне,
Змываючы з захаду грым.
Лірычнае хваляваньне
Заўсёды, як вецер, на сэрцы маім.


1929 г.