Першы дзень вясны прынёс Беларусі цеплыню, а свету – добрыя навіны. Няхай і цеплыні , і добрых навін будзе больш. З вясной, сябры!
Наталля Арсеннева
Вясна
З кожнай хмарачкі ў небе празрыстым,
З кожнай лужынкі сьветлай і чыстай
Усьміхаецца ясна вясна!
Вабяць ласкай нябесныя далі,
Ручаі звон і грукат паднялі,
Гэта-ж праўда падходзіць вясна!
Сьнег ляжыць яшчэ шэры і брудны
Пад узгоркам, а вецер марудны
Ўжо шуміць у галінках кустоў.
Абсыхаюць у садзе дарожкі,
А маленькія яблынак рожкі
Нібы рвуцца да сонца лучоў!
Сэрца б’ецца трывожна, няроўна,
Мне і сумна й вясёла-чароўна,
Вусны ціха шапочуць: “вясна”…
Штосьці новае просіцца, рвецца,
Ўсё сягоньня зрабіла-б, здаецца,
Бо запраўды-ж падходзіць вясна!
1921 г.
Жыве Беларусь!