Марыя – не першая (і мабыць не апошняя), хто прапануе дамаўляцца з лукашэнкам. Пазіцыя зразумелая,…
І вось тут пытанне. Каб да чагосьці вярнуцца, трэба гэта мець (потым страціць, але спачатку мець). А што за такое нармальнае жыццё, і калі Беларусь яго мела?
Калі трыццаць гадоў фальсіфікавалі выбары і рэферэндумы? Калі нацыянальныя сімвалы мянялі на савецкія? Калі кандыдата ў прэзідэнты збілі і арыштавалі акурат перад мітынгам? Калі на месцы пахавання ахвяр рэпрэсій будавалі рэстарацыю? І сапраўды, што можа быць больш нармальным за рэстарацыю?
Беларусь мела некалькі вольных гадоў у 90х, але часы былі цяжкія, наўрад ці іх нехта назаве нармальнымі. А далей у мінулае зазірнуць – там СССР. А перад ім – імперыя. Калісьці Кастусь Каліноўскі, які змагаўся супраць імперыі, напісаў: “Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тагды толькі зажывеш шчасліва, калі над табою Маскаля ўжо не будзе.” Ён нармальнасці не бачыў, але вось так яе сабе ўяўляў.
Дарэчы, пра маскаля. Расейцы, незалежна ад іх палітычных поглядаў, часам пыталіся: а што вам не падабаецца, ну дыктатура, вечны прэзідэнт, мянты – гэта ўсё так, але ж можна жыць і не перасякацца з імі! Нармальна жыць!
І сапраўды. Быў жа час. Мабыць, яго Марыя мела на ўвазе. Лука вызваліў не толькі Саннікава з Някляевым, але і Статкевіча з Дзядком. І нават Дзень Волі дазволілі аднойчы правесці! І можна было без праблем атрымаць візу, за ноч даехаць да Варшавы, а адтуль – куды заўгодна. І потым распавядаць, што ў Мюнхене цягнікі спазняюцца, у Барселоне крадуць, у Вянецыі смярдзіць улетку, а ў Менск прыемна вяртацца.
А Менск прыгожы, еўрапейскі, нармальны. Там праходзяць сусветныя чэмпіянаты, і выступае Рамштайн, і Лявон Вольскі таскама – перад вялікай аўдыторыяй спявае “окэй, тут усё окэй, толькі дыхаць мне з кожным днём цяжэй”.
І вось сярод гэтай салодкай нармальнасці і адлігі (ў выніку чарговых перамоў з лукашэнкам) так ціха і незаўважна зноў з’явіўся ў Беларусі палітвязень. Мікіта Емяльянаў – анархіст, затрыманы ўвосень 2019 г за акцыю ў падтрымку іншых анархтстаў. Ён усё яшчэ за кратамі ў нечалавечых умовах. Вось яна, норма.
А анархісты – гэта такія цікавыя людзі, якія лічаць, што грамадству не патрэбна дзяржава. Для звычайнага чалавека гучыць мо дзіўнавата, але больш нармальна за наяўнасць у краіне палітвязняў. Бо для звычайнага чалавека норма – гэта не “менш за сто палітвязняў”, не “некалькі”, а калі іх ўвогуле няма. І ніколі не было пры дзеючай уладзе. А калі яны былі раней, і ніхто за гэта не адказаў, – будуць новыя і новыя і новыя. У лукашэнкаўцаў таксама ёсць норма, да якой яны імкнуцца. І ўсе былыя перамовы і дамовы вярталі краіну да іх нормы, а не да нашай.
А нашу норму яшчэ трэба будзе пабудаваць.
Свабоду Мікіту Емяльянаву!
Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!