У Вільні прайшло ўшанаванне ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага25 студзеня ў Вільні адбыліся …

У Вільні прайшло ўшанаванне ўдзельнікаў паўстання Кастуся Каліноўскага

25 студзеня ў Вільні адбыліся памятныя мерапрыемствы, прысвечаныя ўшанаванню ўдзельнікаў паўстання 1863–1864 гадоў пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.

У гэты дзень у Вільні прайшлі мерапрыемствы з удзелам прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы з жонкай Дыянай, прэзідэнта Польшчы Караля Наўроцкага з жонкай Мартай і прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага з жонкай Аленай. У рамках урачыстасцяў Святлана Ціханоўская асабіста прысутнічала на імшы, прысвечанай памяці паўстанцаў, якія змагаліся супраць імперскага прыгнёту і адстойвалі права народаў на свабоду.

Падчас імшы ў Кафедральным саборы прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа адзначыў, што намаганні паўстанцаў адкрылі шлях новаму супраціву і аддзялілі літоўцаў, палякаў, украінцаў і беларусаў ад Расіі, выказаўшы надзею: «Веру, што перамогуць і дэмакратычныя сілы беларусаў». Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падкрэсліў важнасць салідарнасці з беларусамі і ролю іх у барацьбе за свабоду: «Беларусы займаюць важнае месца ў агульнай барацьбе за дэмакратычныя каштоўнасці і свабоду. Наш поспех залежыць ад адзінства народаў Цэнтральнай Еўропы».

Пасля службы Ціханоуская разам з прэзыдэнтамі Літвы, Польшчы і Украіны ўсклалі вянкі на могілках Росы — гэта месца памяці пра тых, хто змагаўся супраць імперскага гвалту і верыў у права народаў на сваю будучыню. І гэтая памяць важная і сёння, калі беларусы працягваюць змаганне за свабоду сваёй краіны.

У мерапрыемствах таксама ўдзельнічалі дарадцы Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі, а таксама прадстаўнікі беларускай супольнасці Вільні.

Святлана Ціханоўская выказала падзяку ўсім беларусам, якія прыйшлі ўшанаваць памяць паўстанцаў:
«Дзякую кожнаму, хто прыйшоў сёння на гэтыя ўрачыстасці. Вашая прысутнасць — гэта знак, што памяць пра змаганне за свабоду жыве ў сэрцах беларусаў, незалежна ад месца, дзе мы знаходзімся.

Памяць пра паўстанне 1863–1864 гадоў застаецца актуальнай і да сёння, калі беларусы працягваюць змаганне за свабоду, незалежнасць і дэмакратычную будучыню сваёй краіны. Спадчына Кастуся Каліноўскага нагадвае, што барацьба за годнасць і правы чалавека — гэта агульная каштоўнасць, якая аб’ядноўвае пакаленні».