​​Як мінімум 35 чалавек асуджаны па справе “дваровых чатаў”. Збольшага гэта жанчыны, некаторыя стала…

​​Як мінімум 35 чалавек асуджаны па справе “дваровых чатаў”. Збольшага гэта жанчыны, некаторыя сталага веку. Людзі атрымалі не толькі тэрміны, але і вялізныя штрафы, многія прайшлі праз катаванні.

Тое, што за паведамленні, падабайкі ці проста знаходжанне ў любым чаце, які не спадабаецца “сілавікам”, можна трапіць за краты, ні для каго не сакрэт, аднак тут кдб праявіў “крэатыўнасць”. Быццам розныя чаты былі аб’яднаныя ў таямнічы “Ордэн”, які працаваў над “расколам у грамадстве” і планаваў “захоп ўлады”. Як планавалі захопліваць – невядома, але да “планавання захопу” па версіі “суда” адносіцца нават чаканне “дня Ч”. А “дзень Ч” – гэта дзень натуральнай смерці лукашэнкі. Во як.

Чаты дамоў і двароў існуюць столькі, колькі існуюць мэсанджары з падтрымкай чатаў. Бо гэта натуральна для людзей – аб’ядноўвацца, каб абмяркоўваць агульныя інтарэсы і вырашаць нейкія лакальныя праблемы. Асабліва, калі дзяржава не цікавіцца праблемамі грамадзян.

У 2020 г стала відавочна, што з’яўляецца галоўнай праблемай для беларусаў. І так, людзі абмяркоўвалі яе. А таксама ладзілі канцэрты, сумесны прагляд кіно і сяброўскія сустрэчы. І святы! І ўпрыгожвалі дамы і двары.

Калі пачаліся жорсткія рэпрэсіі, давялося арганізоўваць ужо не святы, а дапамогу рэпрэсаваным, зборы грошай на перадачы і адвакатаў.

Нічога крымінальнага ў гэтым, вядома ж, няма. Але ўсе формы самаарганізацыі людзей – экстрэмізм для пацукоў. Цяпер ужо і чаканне смерці персанажа з сінімі пальцамі ператварылася ў “дзеянні, накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” .

Што тут можна сказаць? Вінаватыя, чакаем. Не абавязкова смерці, не абавязкова натуральнай, тут могуць быць варыянты. Каб чакаць, дарэчы, не трэба быць удзельнікам чата, ці ўвогуле мець смартфон. Дастаткова і тэлевізара з яго хлуснёй, братэрствам народаў і шалёным азаронкам. Нехта з “экстрэмістаў”  працаваў над “стварэннем антыдзяржаўных настрояў”? Значыцца, час марнаваў, бо лепш за ўсіх з гэтым спраўляецца сама дзяржава. У дзяржавы тут манаполія. І можна, канешне, усіх знайсці, усіх пасадзіць, са ўсіх спагнаць шалёныя штрафы. Але ж галоўная праблема з “днём Ч” – пацукі таксама яго чакаюць. І ідэолаг на заводзе, і сціплы кэдэбэшнік, і вышэйшы чыноўнік, і чырвона-зялёны кіраўнік калгаса, які слухае пра абасраных кароў, думае: “ну калі ўжо ты памрэш”. Хтосьці чакае са страхам, хтосьці рыхтуе шляхі адступлення. Але чакаюць усе. Ну і дзе той “раскол у грамадстве”, за працу над якім судзяць людзей? Грамадства аб’яднанае ў чаканні.

Свабоду ўсім палітвязням!
Жыве Беларусь!