У 1582 годзе ў Рэчы Паспалітай пасля 4 кастрычніка наступіла адразу 15!4 кастрычніка 1582 года быў у…
4 кастрычніка 1582 года быў уведзены так званы грыгарыянскі каляндар. Розніца паміж юліянскім і сонечным календаром на той момант ужо складала 10 дзён, таму пасля 4 кастрычніка адразу наступіла 15-га. Гэтая рэформа павінна была зрабіць больш дакладным вылічэнне Вялікадня і іншых святаў.
Рэч Паспалітая адразу прыняла новы каляндар. Але праз тое, што каляндар уводзіла менавіта каталіцкая царква і рымскі Папа, праваслаўныя адмаўляліся яго прымаць. А ў Полацку ў 1586 годзе нават узнялі каляндарны бунт, па выніках якога кароль і вялікі князь Стэфан Баторый дазволіў праваслаўным жыць па сваім календары.
Але пасля Брэсцкай царкоўнай уніі, якая аб’ядноўвала каталікоў і праваслаўных пад уладай рымскага Папы, усё адміністратыўнае жыццё перайшло на грыгарыянскі каляндар. У той час як царкоўныя святы дазволілі адзначаць па юліянскім календары.
У 1795 годзе на тэрыторыі Беларусі адбыўся каляндарны «крок назад». Пасля трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай усе землі Беларусі адышлі да расейскай імперыі, якая карысталася юліянскім календаром.
Толькі ў 1918 годзе ў Беларусь канчаткова вярнулі грыгарыянскі каляндар. Па ім мы зараз і жывем – але блытаніна ў перыяд 1795-1918 часам прымушае нас адзначаць некаторыя даты нават двойчы 🙂