Лета на беразе Волі. Да ранку нямнога. Стужачка сонца, а потым — яшчэ, і яшчэ. Воля ня ловіцца ў рукі разьліку зямнога. Хваля ня ловіцца ў рэкі, бо сонцам цячэ.
Хваля мацнее — і сьвет на вачах маладзее, юны прачнуўся — і сьлёз не хавае стары, сонца ўстае — і прыходзіць у горад надзея, дзень надыходзіць — і страх пакідае двары.
Двор упадае ў завулак, завулак у вуліцу, вуліца сквэрам, праспэктам і плошчам нясе вестку, што самае чэрствае сэрца расчуліцца і ў немагчымую праўду павераць усе.
Сонца прыходзіць да ўсіх, не пакрыўдзіць ніводнага, — і ператворыцца кожны, каго ні вазьмі, кволы заплаканы раб у героя свабоднага, людзі ў народ, а народ — застанецца людзьмі.
Памяць герояў сьвятлом ахінаюць нябёсы — сонечнай стужкай, гарачаю сьцежкай крыві. Скрадзены голас вяртаецца ў хор шматгалосы. Лета на беразе Волі. Бяры і плыві.