Сёння, 8 жніўня, дзень памяці Тадэвуша Рэйтана – чалавека, які да апошняга змагаўся супраць падзела Рэчы Паспалітай. Змагаўся ледзь не ў самоце. Яго намагаліся прымусіць маўчаць, падкупіць, запужаць, адабраць маёмасць – але ён не саступіў.
Тадэвуш Рэйтан паходзіў з ліцвінскага шляхецкага роду Рэйтанаў з уласным гербам і быў траюрадным братам Тадэвуша Касцюшкі. Магчыма, ён удзельнічаў у Барскай канфедэрацыі, якая змагалася супраць расейскага ўплыву на Рэч Паспалітую.
Ягоныя погляды добра адлюстроўвае гісторыя пра тое, як Тадэвуш скасаваў вяселле, убачыўшы ў доме нявесты партрэт расейскага імператара Пятра I. Нават калі гэта і міф, ён выдатна паказвае сутнасць чалавека, які вышэй за ўсё ставіў сваю Радзіму.
Але самая паказальная і трагічная гісторыя – гэта яго ўдзел у т.зв. «падзельным сойме» Рэчы Паспалітай. Тадэвуш Рэйтан чатыры дні разам з аднадумцамі перашкаджаў маршалку Панінскаму ўзначаліць сойм, бо па законе паседжанне мусіла быць у Горадні, а не ў Варшаве, а маршалкам – ліцвін, а не паляк. Акрамя таго, сойм быў скліканы незаконна – пад знакам канфедэрацыі.
Прарасейскія сілы спрабавалі пераканаць яго саступіць. Потым – падкупіць, а пасля канфедэрацкі суд вырашыў пазбавіць яго маёмасці і выслаць з краіны. І Рэйтан усё роўна не адступіў.
Падчас прамовы Самуэля Корсака, якая выкрывала здраднікаў, паслы пачалі выходзіць з залі. Тадэвуш лёг перад выхадам і крыкнуў: «Забіце мяне, затапчыце, але не забівайце Бацькаўшчыны!» На наступны дзень расейскі амбасадар Штакельберг выставіў каралю Станіславу Аўгусту ультыматум: або падпарадкаванне, або ўвод расейскага войска ў Варшаву.
У снежні 1773 года Рэйтан склаў маніфест, у якім прызнаў нелегітымнымі канфедэрацыю і падзелы Рэчы Паспалітай. Дзякуючы супраціву паслоў пераважна з Вялікага Княства Літоўскага іншыя краіны даведаліся, што на падзел не згаджалася ўся Рэч Паспалітая. Але саюзнікі ўсё роўна нічога не зрабілі і не дапамаглі Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
У жніўні 1780 года пасля канфлікта з расейскім генералам яго закрылі ў цагляным флігелі ва ўласным маёнтку. Пабіўшы шыбы і параніўшыся, Рэйтан памёр на другі дзень – 8 жніўня.
Ён застаўся ў нашай памяці як чалавек, для якога Радзіма – перадусім. Нягледзячы ні на што.