Сёння дзень памяці Наталлі Арсенневай. Гэта жанчына, якая прайшла праз вайну, арышты, эміграцыю – і …

Сёння дзень памяці Наталлі Арсенневай.

Гэта жанчына, якая прайшла праз вайну, арышты, эміграцыю – і ўсё роўна пісала пра Беларусь, малілася за яе і жыла ёй нават за тысячы кіламетраў ад дому. Яна нарадзілася ў Баку, жыла ў Яраслаўлі, а па-сапраўднаму стала беларускай у Віленскай беларускай гімназіі. Яна не ведала беларускай мовы, але сама вывучыла яе.

Наталлю вучылі Максім Гарэцкі, Браніслаў Тарашкевіч, Антон Луцкевіч, Аркадзь Смоліч і іншыя дзеячы беларускага нацыянальнага адраджэння. Ужо ў 14 гадоў яна пісала вершы, але па-руску. Наталля Арсеннева пазней адзначала: «Па праўдзе, я стала беларускай паэткай толькі ўвосень 1920 года». У 1927-м годзе выйшаў першы зборнік – «Пад сінім небам».

Яе жыццё такое ж трагічнае, як гісторыя ўсёй Беларусі XX стагоддзя. У 1940-м яе арыштоўвае НКУС і ссылае ў Казахстан. Потым яна вяртаецца, жыве ў Мінску падчас нямецкай акупацыі, перакладае класіку, піша тэксты да беларускіх операў, губляе сына ў 1943. Менавіта тады з-пад яе пяра выходзіць «Магутны Божа». Гэта не проста верш – гэта твор, які стаў народным малітоўным гімнам. У незалежнай Беларусі яго выбралі нацыянальным гімнам, але ў 1995 годзе пракамуністычны парламент адмовіўся зацвердзіць «Магутны Божа».

У 1944-м яна зноў вымушаная бегчы – спачатку ў Германію, потым у ЗША. Там Арсеннева працуе на заводзе, піша ў газеты, удзельнічае ў жыцці беларускай дыяспары, стварае новыя вершы і пераклады, працуе на Радыё Свабода. Яна не забылася Беларусь ні на дзень. Хаця яе намагаліся выкрасліць з беларускага жыцця: яе творы былі забароненыя падчас савецкай акупацыі, а ў беларускай школьнай праграме зараз яе проста не існуе. Прапаганда спрабавала ачарніць яе і назваць калабаранткай – як і любых апанентаў савецкай дзяржавы, якія марылі пра незалежную Беларусь.

Наталля Арсеннева – гэта голас, які прабіваецца праз забароны, праз страх, праз чужыну. Яе творчасць – гэта туга па Беларусі. Гэта мова, што не зламалася нават у выгнанні. І калі сёння гучыць «Магутны Божа», гэта значыць, што яна ўсё яшчэ з намі.

Наш Patreon
Наш Buymeacoffee