Святлана Ціханоўская — да «Дня Незалежнасці Беларусі»«Сёння, 3 ліпеня, рэжым «святкуе» Дзень Незалеж…

Святлана Ціханоўская — да «Дня Незалежнасці Беларусі»

«Сёння, 3 ліпеня, рэжым «святкуе» Дзень Незалежнасці Беларусі. На справе ж, канешне, ні пра якую сапраўдную незалежнасць ці свабоду гаворкі не ідзе. Краіна як ніколі залежыць ад волі Расіі: рэсурсы, палітычныя рашэнні і нават войскі рэгулююцца Крамлём.

Нягледзячы на пастаянныя спробы Лукашэнкі паказаць сябе міласэрным і велікадушным, жыхары ў краіне і за яе межамі разумеюць: гэта ілюзія. Беларусь займае 190 месца ў свеце па ўзроўні грамадзянскіх свабодаў — паміж Лівіяй і Палестынай. Звычайныя людзі баяцца не злачынцаў і ашуканцаў, а прадстаўнікоў рэжыму. Кожны крок пільна кантралюецца: ніводнае мерапрыемства ці ініцыятыва не адбываецца без ухвалы «зверху» і маштабнай прысутнасці сілавікоў.

Гэта і ёсць сапраўдная антыўтопія. Пампезныя канцэрты і мерапрыемствы мільённых коштаў. Вуліцы, задушаныя чырвона-зялёнымі колерамі. Ліслівасць і спевы ў гонар дыктатара… Усё гэта ў той час, калі ў турмах павольна паміраюць больш за адзінаццаць соцень людзей, якія выбралі быць сумленнымі і свядомымі. Хлусня на дзяржаўных тэлеканалах, блакіроўка нязручных крыніцаў інфармацыі, пераслед недзяржаўных арганізацыяў, допыты кожнага, хто вяртаецца з-за мяжы — гэта рэаліі сучаснай Беларусі. Гэтае «свята» не належыць беларусам. Гэта свята тых, хто падтрымлівае тыранію. Тых, хто лічыць, што такія ўмовы жыцця, — прымальныя.

Але мы з вамі заслугоўваем сапраўднай свабоды і сапраўднай незалежнасці. І дзень суверэнітэту нашай краіны мы адсвяткуем разам, калі дзяржава зноў будзе належыць грамадству. Мы працягваем працу, каб ён надышоў як мага хутчэй».