Дзмітрый Шлетгаўэр не быў беларусам. Лёс Беларусі – не яго адказнасць, ён сам абраў падтрымаць беларускі народ. Дзмітрый не быў вядомым чалавекам – не палітык, не музыка, не журналіст, не актывіст. Замежнік, але не патрэбны роднай краіне. Чарговая ахвяра чарговага закрытага “суда” за шпіянаж, на якім нават немагчыма з гонарам сказаць: “Так, выходзіў, выказваўся, ні аб чым не шкадую”, бо справа цалкам прыдуманая нейкім безыменным кдбшнікам дзеля ўзнагароды. А потым – толькі кароткі артыкул у смі: у Брэсце судзілі грамадзяніна Расіі, прысуд невядомы.
Ды і ўвогуле нічога не вядома. Нават смерць яго хавалі амаль тры тыдні.
Імя Дзмітрыя не ўсплывала ў доўгіх спісах асоб у асаблівай рызыцы за кратамі. Бо малады, а маладыя не павінны паміраць. Не павінны, але ў свеце адбываецца шмат таго, што не павінна адбывацца.
Падчас суда ў Дзмітрыя нарадзілася дзіця. Яно ніколі ўжо не ўбачыць бацьку. Добра думаць, што твой бацька – герой. Не так добра, як калі ён жывы, і побач, і падтрымлівае цябе.
Лёс Беларусі не быў адказнасцю Дзмітрыя. Але наша адказнасць зараз, наш агульны абавязак – дабіцца справядлівасці для яго дзіцяці. Яно мае жыць у свеце без рэпрэсій і дыктатуры.
Вечная памяць Дзмітрыю Шлетгаўэру!
Забойцы адкажуць!
Жыве Беларусь!