Працягваецца і ўзмацняецца пераслед журналістаў. За кратамі застаюцца журналісты Белсат, ТутБай, Наш…

Працягваецца і ўзмацняецца пераслед журналістаў. За кратамі застаюцца журналісты Белсат, ТутБай, Нашай Нівы і іншых выданняў. За апошні месяц фрылансера “Радыё Свабода” Андрэя Кузнечыка асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, затрымалі журналістаў Алеся Любечнука і Канстанціна Залатых, “ТУТ БАЙ Медыя” прызналі экстрэмісцкай арганізацыяй, а акурат сёння рэдактарка “Новага Часу” Аксана Колб атрымала 2.5 гады хіміі, а Яўген Ерчак – 15 сутак.

Працягваецца справа БелаПАН. Андрэя Аляксандрава, Ірыну Злобіну, Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава абвінавачваюць у шэрагу абсурдных рэчаў, сярод якіх нават здрада дзяржаве.

У гэты нялёгкі час мы хацелі б падзякваць журналістам за іх няспынную працу, мужнасць і прафесіяналізм. Тая нянавісць, з якой злачынная ўлада імкнецца знішчыць незалежную прэсу, кажа толькі аб адным: яны баяцца вас. Кожны дзень вашай працы, кожны ваш артыкул, кожны рэпартаж – удар па дзяржаўнай хлусні і прапагандзе. Праўда палохае пацукоў больш за ўсё.

Свабоду журналістам!
Жыве Беларусь!