Але ў гэты самы дзень, на тым самым праўладным свяце, два дыджэя, Кірыл Галанаў і Улад Сакалоўскі, нечакана паставілі песню “Перемен” і ўзнялі ўгару рукі з белымі бранзалетамі.
Той, хто ніколі не жыў у Беларусі, мабыць, не зразумее ўчынку дыджэяў. Бо што можа змяніць адна песня? Але для кожнага беларуса гэта быў знак: краіна сапраўды жадае перамен, і нават людзі, што працуюць на сістэму, гатовыя рызыкаваць сваёй свабодай дзеля перамен. І сярод беларусаў ёсць тысячы тых, хто паверыў у перамены менавіта ў той дзень. Не падчас шалёных чэргаў на подпіс за альтэрнатыўных кандыдатаў, і не падчас шасцідзесяцітысячнага мітынгу ў падтрымку аб’яднанага штабу. А ў дзень, калі два хлопца паставілі правільную песню.
Яны ведалі, што будзе пакаранне, і сапраўды, Кірыл і Улад апынуліся за кратамі за свой учынак. Яны выйшлі на волю ў нібыта іншай краіне. Краіне, што перажыла тры ночы жаху і прыгожы марш 16 жніўня. Краіне, дзе на выбарах перамагла Святлана Ціханоўская. Краіне, ўсё яшчэ несвабоднай, але краіне перамен. А самі хлопцы сталі легендай гэтай краіны. Яны сталі Дыджэямі Перамен.
Два дні таму падчас выступу на Зыбіцкай спявачка Мэрыем Герасіменка выканала песню гурта Океан Ельзи ў падтрымку Украіны. Зараз Мэрыем і Андрэй Жук, уладальнік бара, дзе адбыўся выступ, пакараныя суткамі. Вядома ж, яны разумелі, што іх чакае, але ж яны таксама разумелі, як шмат можа змяніць адна песня. І гэтая песня прагучала, і натоўп спяваў разам з Мэрыем.
І сёння, у дзень Дыджэяў Перамен, падтрымаем Мэрыем і Андрэя.
Свабоду Мэрыем Герасіменка!
Свабоду Андрэю Жуку!
Перамены не спыніць!
Жыве Беларусь!