​​Два гады таму, пасля трох жахлівых дзён, калі ўся Беларусь знерухомела ад роспачы і болю, на вуліц…

​​Два гады таму, пасля трох жахлівых дзён, калі ўся Беларусь знерухомела ад роспачы і болю, на вуліцы выйшлі жанчыны ў белым адзенні. Яны проста стаялі, а міліцыянты ў разгубленасці не ведалі, што з гэтым рабіць.

Зараз усё выглядае, нібыта старонка з добрай казачнай кнігі. Вось яны, прыгожыя, светлыя, стаяць поплеч у ланцужку, трымаючы кветкі.

Але колькі смеласці спатрэбілася тым жанчынам! Тры ночы пачвары стралялі, катавалі, забівалі. Нават тыя, хто заставаўся дома, чулі выбухі і страляніну. Знік інтэрнэт. Множыліся чуткі.

Уявіце, як страшна было ім ісці: без зброі, без дапамогі, супраць ворагаў, што не ведаюць літасці, ворагаў, больш падобных на зграю драпежнікаў.

Але не выйсці, схавацца, нічога не рабіць было яшчэ страшней. І яны выйшлі.

І выходзілі потым. Баранілі мужчын на агульных маршах. Выходзілі на жаночыя, нават калі жаночыя сталі больш небяспечнымі за агульныя. Выходзілі, калі ніхто не выходзіў. У самыя чорныя дні шпацыравалі з бчб-парасонамі.

Дзякуй вам, жанчыны ў белым! За смеласць, за годнасць, за тое, што вярнулі надзею, калі яна знікла. І за тое, што не далі спыніць нашую рэвалюцыю.

Жыве Беларусь!