​​23 жніўня Міколе Дзядку споўнілася 34 гады.Аграхунта заўсёды намагаецца выставіць анархістаў нейкі…

​​23 жніўня Міколе Дзядку споўнілася 34 гады.

Аграхунта заўсёды намагаецца выставіць анархістаў нейкімі хуліганамі (у рапартах час ад часу з’яўляюцца яе ўлюбёныя “анархисты и футбольные фанаты”). Але анархізм – зусім не тое, чым нас пужае прапаганда. Анархізм – ён не пра разбурэнне і зруйнаванне, ён пра правы і свабоды людзей.

І вось ён, сапраўдны анархіст, – Мікола Дзядок. Адукаваны і інтэлігентны, Мікола шмат часу аддае асветніцкай дзейнасці. Усе ягоныя допісы прасякнутыя павагай да чытача. Бо калі чалавек лічыць грамадства дастаткова сталым і свядомым, каб самастойна вырашаць сваю будучыню, без удзелу дзяржавы, то, вядома ж, ён будзе паважаць кожнага грамадзяніна.

Але ў гэтым сціплым, інтэлігентным чалавеку схаваныя неверагодня моц духу і прынцыповасць. Мікола – двойчы палітзняволены, у 2011 г ён быў асуджаны на чатыры с паловай гады пазбаўлення волі, а потым – яшчэ на год. Ён не пісаў прашэнне аб памілаванні, хоць і меў магчымасць.

Нядаўна сам ён падлічыў, што правёў за кратамі 1/5 частку жыцця – страшна ўявіць. Але ні тыя гады ў турме, ні новы арышт, катаванні і прысуд не зламалі Міколу. У лістах з турмы ён дзеліцца сваімі думкамі пра палітыку, грамадства, кнігі, а пра цяжкасці распавядае з гумарам.

“Не марнуюся і не скарджуся. Жыву, думаю, вучуся, працую над сабой і імкнуся не марнаваць аніводнай хвіліны з адведзенага мне часу ў няволі”, – вось што ён кажа пра жыццё за кратамі.

Дзякуй, Мікола, і з Днём Народзінаў. Табе не патрэбна званне героя, але ж ты герой. Твая мужнасць і моц духу – прыклад для нас. Ты натхяеш тысячы людзей – і твае допісы і лісты, і ты сам, твая ўсмешка натхняе. Калі можна праз літары і сказы падзяліцца сілай, то ты робіш гэта, дзелішся сваёю сілай з людзьмі. Твае словы падтрымліваюць усіх нас, а твае ідэі аднойчы дапамогуць будаваць вольную Беларусь. Ужо дапамагаюць.

Свабоду Мікалаю Дзядку!
Жыве Беларусь!