​​Сёння, апасля “рэферэндумаў” пад дуламі аўтаматаў ( гэта не перабольшванне) і новых удараў па мірн…

​​Сёння, апасля “рэферэндумаў” пад дуламі аўтаматаў ( гэта не перабольшванне) і новых удараў па мірных жыхарах у Мікалаеве, Адэсе і Запарожжы, пуцін аб’явіў аб далучэнні акупаваных украінскіх тэрыторый да Расіі. Кажуць, ён выступіў з прамовай, але ніхто яе не слухаў: расейцам не да тэлевізара, яны ратуюцца ад магілізацыі, а жыхары іншых краін ставяцца да прамоў пуціна прыкладна як мы – да праграм азаронка.

Вядома ж, нічога ад гэтых “рэферэндумаў” не зменіцца. Параза пуціна відавочная нават яго прыхільнікам. Расейцы бягуць – і ад украінскага войска, і ад расейскіх ваянкомаў. Украіна кожны дзень вызваляе новыя мястэчкі і вёскі. Людзі з надзеяй сочаць за зводкамі з фронту.

Але сёння варта нагадаць, што такое “рускі свет”, і што ён нясе з сабою. Зруйнаваныя гарады, знявечаныя лёсы, крывя і смерць. Бясконцае зло.

І зразумела, што паразы Расіі ў вайне будзе недастаткова. Таму ўвесь свет аб’яднаў намаганні, каб канчаткова знішчыць пуцінскі рэжым. Рашызму не дазволяць схавацца ў межах Расіі пасля паразы, не дадуць яму час на аднаўленне. Нават калі пуцін памрэ раптоўна, як зараз паміраюць топ-мэнэджэры буйных расійскіх кампаній, і яго памагатыя завішчаць “гэта не мы, гэта ўсё фюрэр”.

Нюрнберг калісьці вылечыў Германію ад нацызму. Толькі трыбунал над забойцамі, ад генералаў да радавых, спыніць рашызм. Ніводнае злачынства не павінна застацца без пакарання. І не застанецца – украінцы не дазволяць. Іначай нельга, пасля Бучы і Ірпеня, пасля Марыупаля, пасля Краматорска, пасля Ізюма.

Так што няхай пуцін прамаўляе, няхай далучае, мабілізуе і пагражае. Ён не прэзідэнт і не лідар – ён звар’яцелы пацук на ваенным караблі, які ўпэўнена ідзе па вядомаму курсу. Хутка ўжо порт прызначэння, і пачварнае плаванне скончыцца.

Слава Україні!
Жыве Беларусь!