Сёння журналіст у Беларусі – ці не самая небяспечная прафесія. У іх стралялі, іх збівалі, іх кідалі за краты, забаранялі працаваць. Прызнавалі экстрэмістамі, тэрарыстамі, здраднікамі дзяржавы. Пацучыная логіка тут зразумелая: знішчыць незалежную прэсу – не будзе альтэрнатыўнай крыніцы інфармацыі, а калі ніхто не раскажа народу, як насамрэч усё дрэнна, то народ будзе думаць, што ўсё добра, Беларусь квітнее, і вайны няма.
Але ўзгадваецца гісторыя з 2020 г. Бабулю на маршы спыталі, якую незалежную прэсу яна чытае, ці мо глядзіць. А яна адказала: “у мяне няма інтэрнэта. Мне дастаткова той хлусні, што я бачу ў тэлевізары”.
Праўду не схаваць, і не забараніць. Нават чалавек, што “па-за палітыкай”, не пазбегне яе. Бо ён бачыць, як у самай мірнай краіне губазік ламае дзверы суседу, і як праз родны горад ідуць расейскія эшалоны, хоць тэлевізар і кажа, што вайны няма. Гэта і ёсць праўда, і ніякой дзіравай бруднай прапагандысцкай хлуснёй яе не прыкрыеш.
А журналісты… Журналісты працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што. Кожны сутыкнуўся з абмежаваннямі ці пераследам. Кожны мае калегу ці сябра за кратамі. Але яны не спыняюцца, і не спыняцца. Аднойчы народ Беларусі сказаў “хопіць хлусні, нам патрэбна праўда”. Сёння журналісты служаць праўдзе. І гэта іх неацэнны ўнёсак у барацьбу за свабоду Беларусі.
Свабоду журналістам!
Жыве Беларусь!