​​Наста Лойка зноў атрымала 15 сутак адміністратыўнага арышту. У судзе Наста распавяла пра катаванні…

​​Наста Лойка зноў атрымала 15 сутак адміністратыўнага арышту. У судзе Наста распавяла пра катаванні на Акрэсціна: дзяўчыну білі шокерам на допыце і 8 гадзін трымалі на холадзе без верхняга адзення.

У чым яе толькі не абвінавачвалі! І ў атрыманні фінансавання з-за мяжы, і ў інтэрв’ю экстрэмісцкаму смі (якое, дарэчы, факт інтэрв’ю абвяргае). Але апошні раз – ў дробным хуліганстве. Усе мы ведаем, што такое хуліганскі артыкул: прад’явіць чалавеку няма чаго, нават па сучасных стандартах недазаконня, а кінуць за краты хочацца.

Хочацца, бо яна – праваабаронца. Фіксуеш катаванні – атрымай катаванні сама, так разважаюць пачвары.

Апасля першых двух тэрмінаў быў кароткі перапынак на волі. Мабыць, быў шанец з’ехаць, але Наста засталася. Бо праваабаронцы заўсёды застаюцца. Як медыкі ў час пандэміі. Як журналісты ў гарачых кропках. Як Алесь Бяляцкі. Як Марфа Рабкова, на судзе якой і затрымалі Насту ў першы раз.

Што значыць быць праваабаронцай? Гэта праца? Абавязак? Нам здаецца, што ў першую чаргу гэта прызванне. Сумленны чалавек адчувае магчымасць, магчымасць зрабіць нешта важнае там, дзе ты ёсць. І робіць. Нягледзячы ні на што.

Свабоду праваабаронцам!
Свабоду Насце Лойка!
Жыве Беларусь!