Добрая нагода ўзгадаць чарговае кдбшнае “расследаванне”.
Украінца Паўла Купрыенку і дзвух грамадзян Беларусі, Дзмітрыя Салавянчыка і Тараса Мачынскага, абвінавачваюць у шпіянажы на карысць Украіны. Церцель нават пахваліўся, што яго “красаўцы” выкрылі сапраўдную агентурную сетку.
У чым жа “шпіянаж”? Хлопцы “маніторылі грамадска-палітычную абстаноўку ў Беларусі”, збіралі і перадавалі дадзеныя аб размяшчэнні чыгуначных вузлоў і перамяшчэнні расейскай вайсковай тэхнікі.
Нешаноўны спадар Церцель! Па-першае, інфармацыя пра 3% падтрымкі самі-ведаеце-каго даўно не з’яўляецца дзяржаўнай таямніцай. Так што “маніторынг грамадска-палітычнай абстаноўкі” наўрад ці раскажа Украіне, НАТА, рэптылоідам і іншым ворагам нешта новае. Па-другое, размяшчэнне чыгуначных вузлоў можна паглядзець на google maps (нам дакладна невядома, ці чула кіраўніцтва кдб пра google maps, калі не чулі, то вось, мы падказалі). Па-трэцяе, запытайцеся ў Антона Матолькі, колькі ў Беларускі Гаюн прыходзіць дадзеных пра перамяшчэнне тэхнікі. Ну, калі вы думалі, што ў “агентурнай сетцы” тры чалавекі, то на самой справе іх крыху больш. Сюрпрыз!
Між іншым, варожыя агенты ў Беларусі, вядома ж, ёсць. Бо як так здарылася, што армія іншай дзяржавы без праблем зайшла на нашу тэрыторыю? І напала на суседнюю краіну?! Лавілі-лавілі вагнераўцаў у лесе, а тым часам танкі, самалёты і тысячы жаўнераў неяк праслізнулі праз мяжу? І пачалі страляць па ўкраінскіх бальніцах і шматпавярховіках. А калі нешта прыляціць у адказ, спадар Церцель, хто абароніць беларусаў? Красаўцы? Яны ж першымі пабягуць хавацца ў зямлянкі да вагнераўцаў!
І вось яшчэ, чалавек, што называе сябе прэзідэнтам, нейкія незразумелыя ў яго паводзіны, звярніце ўвагу, спадар Церцель. То з Украіны “готовилось нападение”, то там наадварот пакт аб ненападзе, то мы з Расіяй назаўжды, то лезе ласціцца да кітайцаў. На каго гэты таварыш увогуле працуе? Можа, ён таксама варожы агент?
Ды і сам спадар Церцель… Калі ўзгадаць язык азаронка, пыску коціка гайдукевіча, замах на лукашэнку і, вядома ж, бомбу ў чыжоўскай сметніцы, то можа ўзнікнуць думка, што кіраўніцтва беларускіх спецслужбаў выстаўляе сябе ідыётамі. Гэта што, у інтарэсах дзяржавы? Мо зноў праца варожых агентаў на самым версе? Канешне, ёсць верагоднасць, што яны сапраўды ідыёты. Ну тады ўсё добра і шпіенаў няма. Можна спаць спакойна.
Свабоду Паўлу Купрыенку, Дзмітрыю Салавянчыку і Тарасу Мачынскаму!
Жыве Беларусь!