​​Пакуль расійская артылерыя знішчае жылыя кварталы ва Украіне, а ў Беларусі кожны дзень з’яўляюцца …

​​Пакуль расійская артылерыя знішчае жылыя кварталы ва Украіне, а ў Беларусі кожны дзень з’яўляюцца новыя зняволеныя, некаторыя чыноўнікі ад спорту патрабуюць, каб пуцінскай і лукашэнкаўскай зборным дазволілі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях і іншых спартыўных мерапрыемствах. Бо спорт па-за палітыкай!

Рэне Фазэль (памятаеце такога?) не дасць схлусіць: ніякай палітыкі у спорце няма, затое бізнэс ёсць. Сам спадар Фазель атрымаў грамадзянства Расіі і на сціплую пенсію распачаў там гандаль яблыкамі. Мабыць, яблыкі прыносяць менш прыбыткаў, чым хакей, але ж як ёсць. І нішто спадара Фазэля не засмучае ў працы ў самым сэрцы краіны-агрэсара. Ён жа па-за палітыкай!

Халера з ім, з Фазэлем. Ёсць прастадушныя грамадзяне, якія шчыра вераць, што чальцы зборных – звычайныя людзі, такія, як, напрыклад, медыкі ці рабочыя. Вядома ж, не ўсе за вайну і дыктатуру, і навошта ім забараняць працаваць.

Прабачце, шаноўныя, але ж тыя, хто супраць вайны і рэжыму – яны ці з’ехалі, ці за кратамі. І нават калі ты маўчаў і ўвогуле па-за палітыкай, як сапраўдны спартовец, ніхто табе не дазволіць пры дыктатуры будаваць кар’еру. Гэта медыкі і рабочыя могуць моўчкі рабіць сваю справу, а спартовец – не. Ты ці гучна падтрымліваеш палітыку партыі, ці сядзіш дома, а не па чэмпіянатах ездзіш.

Пуцінскія спартоўцы бегаюць у майтках з літарай z, лукашэнкаўскія засядаюць у камісіі па вяртаннях. Запрашайце гэтых цудоўных па-за палітычных хлопцаў і дзяўчат у Парыж! Можна дадаць новую алімпійскую дысцыпліну – вылізванне дыктатарскай дупы на хуткасць, прыгожае спаборніцтва атрымаецца. Галоўнае – аніякага палітычнага падтэксту, так?

А нехта падобны да Фазэля распавядзе, што алімпійскі камітэт, як заўсёды, за ўсё добрае і супраць усяго дрэннага. І пакладзе ў кішэню крывавыя грошы.

Не, спадары пацукі. У Фазэля, калі вы памятаеце, не атрымалася (то-бок грошы ён у кішэню паклаў, вядома ж, але чэмпіянату вас пазбавілі). І хоць усялякія спартыўныя чыноўнікі ўсё яшчэ мараць вярнуцца ў па-за палітычнае мінулае, большасць усведамляе: сцягам з аўтазакаў і з шаўронаў вагнераўцаў не месца на трыбунах. Яны па-за цывілізаваным светам.

А тым атлетам, якія рызыкнулі кар’ерай і абралі сумленне замест крывадушнага “я па-за палітыкай”, мы пажадаем перамог у будучыні. Дзякуй вам, сябры! Аднойчы вы зможаце з гонарам прадстаўляць свае краіны. Краіны, а не рэжымы.

Жыве Беларусь!