Нажаль, сёння не той дзень, з якім можна павіншаваць, але той, калі можна нагадаць сабе, як шмат мы з вамі ўжо зрабілі на шляху да вяртання сваіх канстытуцыйных правоў. І як шмат нам яшчэ давядзецца зрабіць, каб усе законы нашай краіны працавалі і абаранялі беларусаў, а не станавіліся інструментам для рэпрэсій супраць народа.
У дэмакратычных сілаў ужо ёсць бачанне таго, як павінна выглядаць Канстытуцыя новай Беларусі. Нашая задача – не проста новая кніжка з наборам словаў, якім кожны чыноўнік зможа пагрэбаваць дзеля ўласных інтарэсаў. Нашая задача – вярнуць гэтаму дакументу значнасць. Падрыхтаваць такую Канстытуцыю, якая стане абаронай ад дыктатуры, гарантуе кожнаму чалавеку правы і свабоды, а таксама ўсталюе дэмакратычныя стрымкі і процівагі. І сёння я хачу прапанаваць кожнаму далучыцца да абмеркавання праекта Канстытуцыі новай Беларусі на сайце: kanstytucyja.online.
Я ведаю, што дэмакратычныя перамены ў нашай краіне непазбежныя, як бы моцна рэжым ні спрабаваў пераканаць нас у адваротным. Прама цяпер мы з вамі набліжаем той час, калі Беларусь стане свабоднай дэмакратычнай краінай.
Жыве Беларусь!»