Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў, якія сёння святкуюць Вялікдзень«Гэты Вялікдзень трэці, калі м…

Святлана Ціханоўская віншуе беларусаў, якія сёння святкуюць Вялікдзень

«Гэты Вялікдзень трэці, калі мы з Сяргеем вымушана знаходзімся ў розных краінах і ў розных умовах. І зараз такіх сем’яў, як нашая, якія рэжым падзяліў, вельмі шмат.

Сем’і падзяліліся, бо мама ці тата, сын ці дачка за кратамі па палітычных прычынах. Сем’і падзяліліся, бо бабуля ці дзядуля глядзяць тэлевізар, вераць кожнаму слову і не хочуць разумець, што іх пенсіі змяншаюцца не праз «бразгат гусеніц» на Захадзе, а таму што рэжым уступіў у вайну. Яны кажуць, нібыта дзяржава абараняе іх і «ў нас няма вайны», пакуль рэжым дамаўляецца пра размяшчэнне ядзернай зброі ў Беларусі.

Але ўсё ж Вялікдзень мусіць аб’ядноўваць сем’і. Як аб’ядналіся ў 2020 годзе беларусы, якія сталі адной вялікай сям’ёй. І сем’і, якія падзяліў рэжым, таксама аб’яднаюцца. Людзі выйдуць з-за кратаў, а бабулі з дзядулямі будуць ведаць праўду, бо мы не апусцім рукі.

Я зычу кожнай сям’і міру і дабрабыту. Беражыце сябе і сваіх родных».