Паралельна ўзмацняецца ціск на вядомых палітвязняў. Ад Міколы Статкевіча няма вестак ужо 80 дзён, здаецца, ён працяглы час знаходзіцца ў ШІЗА, як і Ігар Лосік, і Максім Знак. Няма сувязі і з Сяргеем Ціханоўскім.
Што адбываецца? Пацукі вырашылі пачаць гандляваць самымі знакамітымі закладнікамі? Ці хочацца атрымаць ад былых кандыдатаў у прэзідэнты пакаяльныя прамовы ў стылі Пратасевіча, каб падняць настрой ябацькам?
Вось толькі гандляваць з тэрарыстамі ніхто не збіраецца, і адвечны смутак з вачэй ябацек не знікне ўжо ніколі, ды й саміх ябацек амаль што не засталося.
А можа, справа ў іншым?
Амаль тры гады прайшло, а пацукі ўсё шукаюць лялькаводаў, шалёныя грошы, амерыканскі след і халера ведае, што яшчэ. Шукаюць таго самага чалавека, які загадвае беларусам працягваць. Гэта ён ці яна? Гэта Бабарыка, Ціханоўская? Можа, гэта Сцёпа Пуціла? Ці ўвогуле Байдэн? Ён на волі ў Беларусі, ці за мяжой, ці за кратамі? Трэба гэтага чалавека адшукаць і прымусіць сказаць народу “спыніцеся, хопіць барацьбы!” Ну, каб народ дакладна паслухаўся.
І вось зараз пачвары катуюць Бабарыку, каб ён прыкладна гэта сказаў, мо нават на фоне губазаўскай дзверы.
Не спрацуе, таварышы пацукі. Беларусам ніхто не загадвае (і, дарэчы, ніхто не плаціць). Гэта вы прывыклі выконваць злачынныя загады і гандляваць сумленнем. А мы проста стаміліся ад вашай хлусні, ад вашага недазаконня і ад вас. Няма таго аднаго чалавека, на яком трымаецца супраціў, чалавека, якога можна запалохаць ці падкупіць. Супраціў трымаецца на кожным сумленным беларусе. І, дарэчы, Віктар Бабарыка гэта ведае. І не зламаецца.
Свабоду Віктару Бабарыку!
Свабоду палітвязням!
Жыве Беларусь!