Хтосьці ўзгадае, напрыклад, дранікі. Хтосьці – Вялікае Княства Літоўскае. Хтосьці – Францыска Скарыну. Хтосьці – Дар‘ю Домрачаву. Хтосьці – чыстыя гарады. Хтосьці – нерэальную колькасць мянтоў. Хтосьці – мірныя пратэсты. Хтосьці – Славянскі Базар. Хтосьці ўзгадае жарты пра “беларусы ўсё сцерпяць”, а хтосьці – тысячы людзей у турмах.
А наша першая асацыяцыя з беларусамі – салідарнасць.
Была калісьці традыцыя талакі на сяле. Потым так называлася краўдфандынгавая платформа Эдуарда Бабарыкі (у тым ліку за яе Эдуарда пасадзілі). А яшчэ быў збор сродкаў для медыкаў падчас пандэміі, і людзі везлі ваду ў Новую Баравую, і забіралі вязняў з акрэсціна, і хавалі ў сваіх кватэрах пратэстоўцаў.
І акупанты добра ведаюць, што наша моц не ў драніках і не ў Дар’і Домрачавай. І салідарнасць яны імкнуцца вынішчыць гэтак жа люта, як і мову, і гісторыю. І вось ужо кожны данат з беларускай карткі элегантна ператвараецца ў фінансаванне экстрэмізму. Зачыняюцца ўсе фонды, якія дапамагаюць, не важна каму, ці то птушкам, ці то ахвярам дамашняга гвалту. Часам здаецца, што салідарнасць засталася толькі тым, хто за мяжой.
Але вось сярод навін прамільгнула адна. У Салігорску людзі стаяць у вялізарнай чарзе, каб здаць кроў: шукаюць донара для хворага на лейкемію хлопца, і проста незнаёмыя беларусы адгукнуліся і сабраліся, каб дапамагчы. Салідарнасць з намі побач, вось яна.
29 ліпеня адбудзецца марафон салідарнасці з тымі, хто зараз за кратамі. Беларусы замежжа будуць данаціць, а беларусы ў Беларусі – пісаць лісты. І будзе яшчэ шмат маленькіх, але важных спраў, у якіх яна – салідарнасць.
Давайце памятаць, што нас яднае, сябры. Салідарнасць – наша сіла!
Жыве Беларусь!