Мы, як людзі, якія насамрэч вядуць канал, хацелі б выказацца з гэтай нагоды.
Па-першае, нам цікава, як таварыш пракурор тлумачыць з’яўленне вось гэтага допісу? Ці таго, што быў учора, ці допісу ў ноч на суботу, ці іншага выпадковага паста за апошнія паўгода? У сіза правялі інтэрнэт і раздалі вязням смартфоны? Ці можа тут мае месца тэлепатычная сувязь? А яшчэ кажуць, мы па Оруэлу жывем. Не, сябры, мы жывем недзе ў абсурдысцкай прозе Чайны М’евіля, бо там нешта падобнае было.
Па-другое, мы бачым, што хоць таварыш маёр і пакідае часам абразлівыя каментары ў стылі “навошта фоткі ў лесе, лепш бы руус спалілі”, але працу нашу ён дакладна цэніць высока, ажно ў 7 гадоў.
Па-трэцяе, пасыл зразумелы: няхай паглядзяць, што за іх справу сядзіць іншы, няхай ім будзе балюча, мо яны з гэтага неяк там перагарнуць старонку.
Дык вось. У нас тут людзі рознага ўзросту, прафесій, інтарэсаў. Але ўсім нам аднойчы стала балюча. Камусьці ўпершыню стала балюча, калі слізкі кандыдат у прэзідэнты з непрыемным голасам расказваў пра нібыта скрадзеную яго апанентам скрыню цвікоў. Камусьці – калі са сцен іх школ, інстытутаў і кабінетаў паздымалі Пагоні. Камусьці – калі пачалі знікаць людзі. Калі разганялі пратэсты. Калі арыштоўвалі палітыкаў перад выбарамі. Калі збілі Маю Абрамчык. Калі выбухнула метро і калі двух хлопцаў расстралялі за гэты выбух. Калі ў Курапатах пабудавалі рэстарацыю. Калі ў людзей ляцелі гранаты і гумовыя кулі. Калі ўсе мы пачулі стогны з Акрэсціна. Калі рашысты выкарысталі нашую краіну як плацдарм для нападу на суседзяў. Тысячы людзей сядзяць за кратамі па прыдуманых абвінавачваннях, і сумленным беларусам балюча за кожнага.
Нам усім балюча, вельмі балюча, і ў тым ліку гэты боль вымушае ісці наперад і не спыняцца. Так што, таварышы пацукі, не спрацуе.
А што датычыцца Яўгена – можам сказаць адно. Тыя, хто поўзае на каленях перад губазікам і здае ўсіх, каго ведае, 7 гадоў узмоцненага рэжыму не атрымліваюць (Пратасевіч не дасць схлусіць). Так што чакаем Яўгена на волі разам з іншымі палітвязнямі. Аднойчы мы ўсе паціснем руку нашаму мужнаму і годнаму суседу.
Свабоду Яўгену Верхаводкіну!
Жыве Беларусь!