Старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы.я з тых, што ніколі болей не прыйдуць дадому:арыштаваны паўто…

Старая гісторыя, хіліць у сон ад стомы.
я з тых, што ніколі болей не прыйдуць дадому:
арыштаваны паўторна, артыкул вядомы,
асуджаны тройкай увосені ў трыццаць сёмым.

выводзілі па адным, звычайна пад вечар,
ілбом да сцяны, без рэчаў – якія там рэчы,
далонь да плячэй, і бразнулі дзверы,
як вечка –ніхто з нас не ведаў яшчэ: наперадзе – вечнасць.

колькі было нас? сотні, ці, можа, тысячы,
знішчылі голас, з памяці сцерлі абліччы,
творы, імёны – а засталіся лічаныя:
купала, колас і паўтара ананімшчыка.

згадвайце часам нас на дзяды і на радаўніцу –
усіх, хто замоўк назаўжды маладым літаратарам,
паэтаў, празаікаў, крытыкаў, перакладчыкаў –
прывет вам у вашае гета з нашае вязніцы.

працягвайце нас раманамі, п’есамі, вершамі,
пішыце замест, усім дакажыце – вы лепшыя,
усё, што на допытах з нас не вырвалі следчыя –
аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сведчанні.

аднойчы мы станем даваць праўдзівыя сведчанні.
AR