Зараз новае пакаленне беларусаў пакутуе і памірае ў турмах. У спіс тых, каго ўзгадваюць на Дзяды, кожны год дадаюцца імёны. Нават за кветкі ля помніка можна трапіць на Акрэсціна, крыжы ў Курапатах метадычна знішчаюць таямнічыя (і не вельмі) вандалы, а побач з могілкамі працуе лукашысцкая рэстарацыя, нібыта там звычайнае месца, а не месца памяці.
Злачынная ўлада змагаецца з памяццю, заўсёды. Бо памяць пра загінулых герояў можа распаліць агонь у сэрцах прыгнечаных людзей, а памяць пра непакараныя злачынствы мінулага патрабуе судзіць сучасных катаў і забойцаў.
Менавіта таму мы павінны памятаць. І калі прыйдзе свабода, няхай кожны беларус наведае Курапаты ці іншае месца памяці. Убачыць на свае вочы сціплыя драўляныя крыжы, імёны і даты, за якімі – лёсы, мары, маладыя жыцці, знішчаныя ў адну ноч – у адну са шматлікіх чорных начэй. Гэта страшна і гэта балюча, але толькі асэнсаванне цёмных старонак гісторыі дазволіць нам ісці далей і пабудаваць будучыню, у якой трагедыі мінулага і сучаснасці не паўтарацца зноў.
Жыве памяць!
Жыве Беларусь!