Юлі Таўбін, 15.09.1911 – 30.10.1937 ггТы помніш, помніш, безумоўна,І тую ноч, і той настрой,Што пана…

Юлі Таўбін,
15.09.1911 – 30.10.1937 гг

Ты помніш, помніш, безумоўна,
І тую ноч, і той настрой,
Што панаваў над намі роўна, –
І над табой, і нада мной…

Драты дрыжалі пераборам,
Аб нечым дзіўным месяц сніў,
І рысы даўняга сабора
Так чотка млелі ў вышыні.

Нячутна шамацела лісце,
Саткалі зоры з срэбра ніць…
У тую ноч мы пакляліся
Жыць і любіць…
Любіць і жыць.

І мы жылі… І мы любілі…
І неслі прагу і любоў…
Часы дзяціных сноў-ідылій
Да нас не вернуцца ізноў…

Жыццё далей нас весці стане,
Надорыць новых песень-дум,
І мужнай сталасці жаданні
На нас пячатку пакладуць.

А ўжо не вернецца з гадамі
Ні тая ноч, ні той настрой,
Што панаваў тады над намі –
І над табой, і нада мной.

1929 г

Аўтар гэтага кранальнага верша быў забіты ў ноч на 30 кастрычніка 1937 г, а ўсе яго працы па загаду ГалоўЛіт БССР падлягалі канфіскацыі з бібліятэк і далейшаму спаленню. Але знішчыць творчую спадчыну значна цяжэй, чым знішчыць чалавека. Немагчыма.

Вечная памяць!
Жыве Беларусь!