​​Чалавек прыехаў у Беларусь і апынуўся за кратамі. Чалавек прыехаў у Беларусь пасля звароту ў каміс…

​​Чалавек прыехаў у Беларусь і апынуўся за кратамі. Чалавек прыехаў у Беларусь пасля звароту ў камісію па вяртанні і таксама апынуўся за кратамі. Чалавек выйшаў з турмы і праз месяц зноў апынуўся за кратамі. Гэта Беларусь, у нас тут усе навіны такія.

І на фоне гэтых навін часам узнімаецца старая тэма: давайце весці перамовы з лукой, давайце абмяняем палітвязняў на… Ну на нешта там абмяняем. Давайце штурхаць Захад да дыялогу.

Хтосьці адкажа, што гандляваць людзьмі нельга, хтосьці – што ў “перагаворшчыкаў” няма чаго прапанававаць рэжыму. А мы хацелі б вось што сказаць.

Палітвязні, якія зараз выходзяць з турмы, – яны выходзяць не на волю. Яны выходзяць на тэрыторыю недазаконня. Выходзяць з рызыкай зноў апынуцца за кратамі праз некалькі дзён. У грамадства, дзе ніхто не абаронены, ні звычайныя людзі, ні нават пацукі, якія таксама кожны дзень рызыкуюць трапіць у няміласць. У краіну, дзе забаронена амаль уся музыка і ўсе некамерцыйныя арганізацыі, дзе кожны новы бар можа адразу закрыцца праз данос вар’яткі, і кожны дырэктар бізнэсу можа апынуцца пад следствам, бо дзяржаве патрэбны выкуп.

Палітзняволеных, прызнаных і непрызнаных, тысячы. А людзей, што жывуць у несвабодзе, – мільёны. Выхад аднаго, ці дзесяці, ці ўсіх, каго прызналі праваабаронцы, не вызваліць іх, а вызваліць месцы ў калоніях для новых закладнікаў.

Перамовы будуць аднойчы, але пра лёс пацукоў, а не пра лёс беларусаў. І не з вусатай пачварай. А пакуль можна ўзгадаць словы Паліны Шарэнда-Панасюк: “Трэба ўсім змагацца далей, інакш пакуты палітзняволеных будуць дарэмнымі! А перагаворшчыкаў гнаць сцанай анучай!”

Свабоду палітвязням!
Свабоду Беларусі!
Жыве Беларусь!