9 снежня 1891 г нарадзіўся Максім Багдановіч. Давайце сёння ўзгадаем яго верш, які аднойчы, хто веда…

9 снежня 1891 г нарадзіўся Максім Багдановіч. Давайце сёння ўзгадаем яго верш, які аднойчы, хто ведае, можа стаць гімнам вольнай Беларусі.

Пагоня
1916

Толькі ў сэрцы трывожным пачую
За краіну радзімую жах, –
Ўспомню Вострую Браму святую
І ваякаў на грозных канях.

Ў белай пене праносяцца коні, –
Рвуцца, мкнуцца і цяжка хрыпяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

У бязмерную даль вы ляціце,
А за вамі, прад вамі – гады.
Вы за кім у пагоню спяшыце?
Дзе шляхі вашы йдуць і куды?

Мо яны, Беларусь, панясліся
За тваімі дзяцьмі уздагон,
Што забылі цябе, адракліся,
Прадалі і аддалі ў палон?

Бійце ў сэрцы іх – бійце мячамі,
Не давайце чужынцамі быць!
Хай пачуюць, як сэрца начамі
Аб радзімай старонцы баліць…

Маці родная, Маці-Краіна!
Не усцішыцца гэтакі боль…
Ты прабач. Ты прымі свайго сына,
За Цябе яму ўмерці дазволь!..

Ўсё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка грымяць…
Старадаўняй Літоўскай Пагоні
Не разбіць, не спыніць, не стрымаць.

Жыве Беларусь!