Кастусь не ў прыярытэце, не. Яго нават узгадваць нельга. Бо ад нацыянальных герояў занадта пячэ гаспадарам з Масквы (як і 160 гадоў таму, дарэчы).
А галоўнаму пацуку пячэ яшчэ мацней. Можа, гісторык ён і дрэнны, але пра Кастуся ён ведае добра. Ведае, як аднойчы і шляхта, і сяляне ўзняліся разам супраць таго, што мы зараз клічам “рускім светам”. Ведае, якой моцнай можа быць ідэя, і якой жывучай – мара пра незалежнасць. І як яны яднаюць зусім розных людзей. У сваіх самых страшных чорных снах ён бачыць Кастуся, прыгожага, адукаванага, інтэлігентнага. Кастусь усміхаецца, як на старых фота, і кажа: “Нічога не скончылася”.
І хочацца схавацца за плячыма забітай падпольшчыцы Праскоўі, што плюнула б у пацучыную пысу, калі б была жывая. Паставіць помнік Неўскаму, як абярэг. Прызнаць чарговы падручнік гісторыі экстрэмісцкім, замазаць, сцерці з яго старонак ненавісную ўсмешку. Забыць, і каб народ забыўся.
А Кастусь усё ўсміхаецца.
Нічога не скончылася, пацучок. Барацьба за свабоду працягваецца. І нашыя героі – побач з намі.
Героі не паміраюць!
Жыве Беларусь!