​​Вось трапіліся на вочы чарговыя вынікі апытання грамадскага меркавання ў Беларусі. Ну і там 25% ні…

​​Вось трапіліся на вочы чарговыя вынікі апытання грамадскага меркавання ў Беларусі. Ну і там 25% нібыта за луку, 20% супраць, а астатнія – хатаскрайнікі.

Але вынікі – гэта не цікава. Цікава, як гэтая апытанка праходзіла. Па тэлефоне! Уявіце: тэлефануе вам незразумела хто з пытаннямі ў стылі таварыша маёра. А вы яму: “Так, супраць лукі, за Украіну, кдб і губазікі – тэрарысты, жыве Беларусь!”

Ну сур’ёзна, за падабайку можна прысесці, ці за рэпост коцікаў з Белсату дзесяцігадовай даўніны. За подпіс у падтрымку Бабарыкі звальняюць, збітыя людзі на пакаяльных відэа прызнаюцца, як “прытрымліваліся апазіцыйных поглядаў”.

Тут кожны рэйкавы партызан прамаўчыць, каб потым спакойна працягваць сваю карысную дзейнасць. А вось 20% апытаных, нягледзячы ні на што, адказалі, што “прытрымліваюцца апазіцыйных поглядаў”. Так наўпрост і адказалі?!

Верым, верым.

Пры дыктатурах – а Беларусь жыве пры дыктатуры – няма і не можа быць ніякіх сацыялагічных даследаванняў. Ні афіцыйных, ні незалежных. Афіцыйныя раскажуць пра 99% рэйтынг Чаўшэску перад расстрэлам і пра медвядзёў, якія ў лесе плакалі з нагоды смерці Кім Чэн Ыра. А незалежныя даследчыкі разумеюць, што праўду вызначыць нельга. Ну няма інструмента, які аналізуе думкі. А агучваць думкі незнаёмцу ніхто не будзе. Не толькі незалежныя. Кожны сацыёлаг – праўладны ці не – гэта разумее.

Калі нам кажуць, што ў Беларусі большасць – хатаскрайнікі/ лукашысты/ватнікі/сталіністы/хто там яшчэ, таму іх можна аддаць Расіі, бамбіць ці забыцца пра іх, узнікае нават не пытанне “а як вы падлічылі?”, а іншае: “на каго працуюць тыя, хто вядзе падлік?”

І галоўнае, сам факт публікацыі такіх “даследаванняў” – гэта мяккае прасоўванне ідэі, што ў Беларусі ўсё добра і дыктатуры няма. Глядзіце, людзі дзеляцца сваім меркаваннем, без страха, без сумневу! Ну якая дыктатура, ну. І гэтая ідэя ўжо ціхенька ліецца ў галовы еўрапейскіх палітыкаў, ці беларусаў, якія з’ехалі, ці тых, хто застаўся.

Не дадзім падмануць нас, сябры. Прыкладную колькасць прыхільнікаў і праціўнікаў лукі мы бачылі ў 2020 г. А ў лічбах даведаемся на сапраўдных выбарах… Хаця не факт, бо на сапраўдных выбарах пацука ў бюлетэні не будзе

Жыве Беларусь!