Але галоўныя словы, як нам здаецца, вось гэтыя:
“Нягледзячы на ўвесь гэты сюррэалізм разам з тымі складанасцямі і ціскам унутры так званых папраўчых устаноў, я ўсё ж застаюся ўнутрана свабодным і верным сваім анархічным перакананням, асноватворнымі якіх для мяне з’яўляюцца: праўда, сумленне, справядлівасць! І ў сваіх учынках я заўсёды кіраваўся выключна гэтымі прынцыпамі.
Але гэта тое, што не зразумець і ніколі не адабраць заступнікам законаў у несправядлівай сістэме, якімі з’яўляюцца бок абвінавачвання і ўсякі суд у гэтай дзяржаве. Якім бы не быў ваш прысуд, я спакойны і шчаслівы ад таго, што апраўданы той часткай грамадства, з якой мы адзіныя ў жаданні стаць свабоднымі, пераўтварыць і паспрабаваць арганізаваць жыццё грамадства на сапраўды справядлівых пачатках, у параўнанні з тым, як яна ўладкаваная і выглядае цяпер.
Я таксама рады і ганаруся тым, што стаў удзельнікам грандыёзных падзей, што абавязкова ўвойдуць у гісторыю краіны як найвялікшае шэсце за свабодную Беларусь!
Чалавек, што атрымаў драконаўскі тэрмін у фальшывым судзе, літаральна кажа: “я ні аб чым не шкадую”.
Ведаеце, у пакаяльных відэа ці на “судах” людзі нярэдка кажуць “я шкадую, што прымаў/прымала ўдзел у пратэстах”. Зразумела, ім хочацца зменшыць тэрмін. Зразумела, яны шкадуюць, што не схавалі твар на маршы, ці не выдалілі нейкае фота ў сацсетках, ці падзяліліся нечым значным з чалавекам, які потым здрадзіў. Але ці шкадуюць яны аб галоўным?
Хочацца зараз прывесці словы не знакамітага героя, а завчайнага беларуса: “Людзі рабілі тое, што не маглі не рабіць. Ці магчыма шкадаваць аб гэтым?”
У нас скралі спакой, у нас скралі час. У кагосьці скралі дом, у кагосьці – свабоду. Але мы засталіся людзьмі. Ці магчыма шкадаваць аб гэтым?
І зноў словы Дзмітрыя Дубоўскага:
“У барацьбе мы здабудзем права сваё!
Праўда за намі!
Увесь кашмар, які адбываецца, занадта недарэчны, каб працягвацца доўга.
Беларусь будзе вольнай, а мы свабоднымі!”
Так і будзе.
Свабоду Дзмітрыю Дубоўскаму!
Свабоду героям!
Жыве Беларусь!