​​Ларыса ГеніюшСьвяты ВечарКаляда, Каляда, на зямлі – Сьвяты Вечар,нарадзіўся у ясьлях Збавіцель і Б…

​​Ларыса Геніюш

Сьвяты Вечар

Каляда, Каляда, на зямлі – Сьвяты Вечар,
нарадзіўся у ясьлях Збавіцель і Бог.
I пасталі бярозаў танклявыя сьвечкі
паабапал засьнежаных, белых дарог.
 
Халадно. Мо’ таму, што зіма на парозе,
адчуваецца лютасьць суровай пары,
а у полі пустым па шырокай дарозе
плачуць нечаму сумна ліхія вятры.
 
Чым жа сэрцы сагрэць, як той холад адужаць?
Ці агеньчыкам цьмяным у сялянскім акне,
Калядою святой, што насуперак сьцюжам
цеплынёй чалавечыя сэрцы кране?
 
Каляда, Каляда… Нават зорам трывожна.
Па заблытаных сьцежках крутога жыцьця
да сваіх ў гэты вечар сьпяшаецца кожны,
дзе ў сям’і за сталом нас чакае куцьця.
 
Сена пах, яліны, стаяць розныя стравы,
прытаміўшыся, маці шчасьліва маўчыць.
Садавяцца сыны на шырокія лавы,
што сышліся дамоў, каб душой адпачыць.
 
Добра сесьці разом, сьлязу радасьці ўцерці,
адчуваць, што ў застольлі, што побач браты,
у душы чысьціня і узьнёслыя сэрцы,
бо зь людзьмі разам Бог ў гэты Вечар Сьвяты,
 
Сёньня сэрцам з усімі куцьцю разьдзяляем,
хто за стол наш ня змог на вячэру прыйсьці,
ўсіх далёкіх і родных сваіх спамінаем
і дабра ўсім і шчасьця жадаем ў жыцьці.
 
Няхай будзе вам цёпла, бы ў бацькавай хаце,
ў гэтым сьвеце шырокім, дзе столькі дарог.
Няхай людзі зямлі для вас будуць, як брацьця,
і жыцьцёвыя сьцежкі прастуе вам Бог.
 
Можа, хто занямог, можа, хто пахіснуўся,
загубіўшы сумленьне ў нялёгкім жыцьці,
прытаміўся ў шуканьні свае Беларусі –
памажэце й такім на вячэру прыйсьці.
 
За сьвяточным сталом – няхай кожнаму мейсца
каля вернага сэрца сясьцёр і братоў.
Няхай будзе у вас, бы ў харошай сямейцы,
ўсім пароўні ў жыцьці і куцьця, і любоў.
 
Няхай вера ў любоў, свая мова ў застольлі,
а у думках – зямля, дзе спачылі дзяды,
няхай ўсюды ласкава спрыяе вам доля,
а любоў, чалавечнасьць мацуе рады!

Здаецца, гэты верш – пра нас сучасных. Кожны радок адгукаецца ў сэрцы.

З Калядамі, сябры
Жыве Беларусь!