Першае. Насамрэч, самымі крыўднымі падаюцца не каменты накшталт “самі дурні вінаватыя, а мы цяпер без новага альбома”, а такія вось: “нажаль, людзі, што жывуць у Беларусі, не адчуваюць небяспекі, а мы, якія з’ехалі, мы ўсё разумеем”.
І нават у Вольскага пост быў: я таксама так жыў, і “трыважнавата”, але ж пакуль “усё ціха”, ну і “інстынкт самазахаваньня прытупляецца”.
Вось, вось яно! Спадар Лявон, ніколі вы так не жылі, як жылі хлопцы з Nizkiz, бо вы з’ехалі раней. І кожны, хто зараз піша абуральныя каменты, трымае ў галаве вобраз той Беларусі, з якой ён з’ехаў: Беларусі ўзору 2020 г, ці 2021 г, ці ўвогуле 2015 г. І ўсе навіны з Радзімы накладаюцца на той самы вобраз.
Не так даўно ў сацсетках з’явілася кароткае відэа: хлопец ідзе па мінскім двары з коткай за плячыма. Мілае відэа, смешнае, коткі дадаюць праглядаў. А за спіной хлопца з пад’езда выбягае “касманаўт”.
Вось гэта Беларусь сучасная. І калі яшчэ ў 2021 г можна было выдаліць тэлеграм, не чытаць навіны і, у прынцыпе, схавацца ад рэчаіснасці, то зараз пацуковы цень улезе і ў кавярню, і ў офіс, і ў файнае відэа з коткай.
Немагчыма зараз заставацца ў Беларусі і не разумець небяспеку. І людзі, якія застаюцца, робяць свядомы выбар. Дарэчы, як і людзі, якія з’язджаюць. Наўрад ці яны падзеляцца сапраўднымі прычынамі. Не факт, што іншыя гэтыя прычыны зразумеюць. Галоўнае – свядомы выбар, які кожнаму варта паважаць.
І другое, куды ж без яго. Вы заўважылі, як прапаганда перакруціла факты: “з’ехалі і вярнуліся, і нават у камісію па вяртанні ліст не даслалі”. Пацукі часам хлусяць па інэрцыі, але тут схлусілі наўмысна. Бо калі арыштавалі Irdarath, ці Tor Band, якія з Беларусі не з’язджалі, тады да музыкаў хейту не было. А тут спачатку хваля “навошта вярнуліся”, а як стала зразумела, што не вярталіся, пайшла новая хваля, “навошта заставаліся”, – інтэрнэт так проста не спыніцца. І вось ужо і журналістам дастолася, якія перадрукавалі хлусню прапаганды, і Белсату, які на днях ставіў в эфір старое відэа Nizkiz. І маёры, дарэчы, далучыліся і актыўна каментавалі (ці малодшыя лейтэнанты, хто там за гэта адказвае). Усе вінаватыя, акрамя мянтоў: мянты ўжо, здаецца, і не разумныя істоты, а нейкі прыродны катаклізм, а катаклізм ну як тут вінаваціць?
Але! Ёсць трэцяе, і галоўнае. Праз некаторы час абурэнне сціхла, і засталіся толькі словы падтрымкі. І падтрымка патрэбна не столькі хлопцам з Nizkiz (яны ж пакуль в інфармацыйным вакууме), але ўсім беларусам у Беларусі, што не могуць проста выказацца ў сацсетках. Як бы вораг не імкнуўся падзяліць нас, мы ўсё роўна вяртаемся да адзінства і падтрымкі. Мы – беларусы, і не мае розніцы, дзе мы жывем, дома ці за мяжой. Кожнаму з нас цяжка, кожны разумее, што камусьці цяжэй. Але ў нас ёсць мы. І гэтага дастаткова, каб жыць і змагацца.
Свабоду Nizkiz!
Свабоду Беларусі!
Жыве Беларусь!