Далучайцеся да маршу ў памяць аб беларусцы Лізавеце ў ВаршавеНа мінулым тыдні ў Варшаве адбылася жуд…

Далучайцеся да маршу ў памяць аб беларусцы Лізавеце ў Варшаве

На мінулым тыдні ў Варшаве адбылася жудасная трагедыя. Памерла беларуска Лізавета – дактары не змаглі выратаваць яе жыццё пасля жорсткага нападу, згвалтавання і спробаў удушэння.

6 сакавіка ў Варшаве ў памяць аб загінулай дзяўчыне пройдзе марш супраць гвалту «Яе звалі Ліза». Акцыя пачнецца а 18:00 па адрасе ul. Żurawia, 47 – там, дзе адбылося злачынства. Арганізатары заклікаюць удзельнікаў і ўдзельніц апрануцца ў чорнае.

Святлана Ціханоўская: «На жаль, мы не можам вярнуць Лізу. Але мы можам быць яе голасам, быць голасам усіх жанчын, якія спазналі гвалт. Бо пра гэта нельга маўчаць.

Дарагія мае, калі вы жывяце ў Варшаве ці можаце прыехаць туды 6 сакавіка – калі ласка, далучайцеся да маршу. Давайце разам ушануем памяць аб Лізе і заявім пра тое, што не мірымся з гвалтам. Як пішуць арганізатары маршу: «Лізавета ішла адна. Цяпер ісці мусім усе мы».