І вось што цікава. Восемдзесят гадоў жылі мы без гэтых “генацыдаў”, навошта зараз пацукі раскопваюць магілы, судзяць нябожчыкаў, імкнуцца навесіць на нацыстаў злачынствы, здзейсненыя НКУС ці чырвонай арміяй? Нібыта ў нацыстаў сваіх злачынстваў няма. Была ідэя садраць з Германіі шалёную кампенсацыю за генацыд, але плёну яна не прынесла. Навошта працягваць гэты цырк?
А ці не пошук гэта “новай нацыянальнай ідэі”, якая аб’яднае ўладу і народ?
Смешна гучыць? Але ўзгадаем, што, па меркаванню пацукоў, яднае беларусаў.
“Чарка-шкварка”? Пасля ўсялякіх праяў салідарнасці стала зразумела, што для народа гэта не галоўнае.
“Каб не было вайны”? Вось, здаецца, і добрая ідэя, і зразумелая ўсім, а з іншага боку небяспечная, экстрэмісцкая. Бо беларускі пацук даўно прадаўся расейскаму, а ў Расіі нацыянальная ідэя – як раз адвечная вайна.
Дык можа, усіх аб’яднае нянавісць? Нянавісць да агульнага ворага, нават мёртвага? А што, у крамлёўскіх пацукоў атрымалася. Глыбінны народ вішчыць “можам паўтарыць”, паўсюль бачыць ворагаў і галасуе за пуціна. У адзіным парыве, як кажуць.
Вось толькі ў Беларусі народ не глыбінны. Не можам мы ненавідзець Германію за злачынствы васьмідзесяцігадовай даўніны. Бо Германія панесла адказнасць, пакаялася і змянілася.
Ці ведаем мы, што такое нянавісць? Так, добра ведаем. Толькі нянавісць гэта да сучасных злачынцаў, а не да памерлых паўстагоддзя таму. Паверце, спадары пацукі, гэтая нянавісць нас з вамі не аб’яднае, хутчэй наадварот. Нас з вамі нічога ніколі не аб’яднае, былі б вы разумнейшыя – ужо зразумелі б.
А што да “генацыду” – пакіньце яго гісторыкам. Вы гэтае слова абясцэнілі, як і “нацызм” з “тэрарызмам”.
Мы жывем у рэчаіснасці, калі беларусаў катуюць і кідаюць за краты за беларускую мову, за антываенныя выказванні, за дапамогу адзін аднаму. І робяць гэта людзі, якія любяць пуціна, сталіна, гітлера, дзяржынскага, літару z і водку. І самі сябе клічуць гестаўцамі. Часам таксама хочацца назваць іх нацыстамі і абвінаваціць у генацыдзе, але мы не будзем гуляць у пацуковы гульні і цягнуць з мінулага гістарычныя тэрміны. Ёсць добрае слова “злачынства”. Універсальнае. За злачынствы яны і адкажуць. А спецыяльныя тэрміны пакінем экспертам на судзе.
Свабоду Андрэю Савіцкаму!
Жыве Беларусь!