Дарэчы, раней луку называлі “бацькам”. Не беларусы, вядома ж, бо які ён нам бацька. Але лука зрабіў гэта брэндам. Дыктатура – наш брэнд, і бацька – таксама. Зараз “бацька” пастарэў і ператварыўся ў “дзеда”.
Здаецца, проста недарэчнае слова, але словы маюць сілу. Узгадаем, як трапнае слова з крычалкі харкаўскіх фанатаў назаўсёды прычапілася да пуціна.
Слова “дзед” як бы прыкрывае крывавага людажэра, ствараючы яму вобраз звычайнага старога. Ну так, непрыемнага старога. Вось бываюць такія дзеды: сварацца з усімі роднымі, вераць тэлевізару, часам нясуць лухту, забываюцца пра лекі, бо Альцгеймер. Але дзеды дакладна не катуюць і не забіваюць людзей, не прадаюць краіну акупантам.
І той, хто называе людажэра “дзедам”, нармалізуе яго. Паглядзіце, ён проста маленькая непрыемнасць дзесьці на задворках нашага жыцця. Мілая, смешная, пухнатая, як шпіц, дыктатура. І смяяцца з яе можна толькі па-добраму, не кпіць ні ў якім разе. Наш брэнд! Быццам ружовы аўтазак-магніцік у сувенірнай краме, які абавязкова трэба падарыць сябру-замежніку. Быццам няма палонных, закатаваных, забітых.
Але гэтага мала. Разумнікі заклікаюць дзеда не злаваць. Навошта злаваць старога ў маразме?! Нашто лезеце са сваімі санкцыямі і палітвязнямі? Давайце забудзем і прабачым і папросім прабачэння! І перагарнем нарэшце старонку, і зажывем ўсе разам (і дзед таксама) у любові і згодзе.
Вось толькі ружовых аўтазакаў у прыродзе не бывае, і дыктатура не мілая. Яна крывавая. Часам страшная, часам – абсурдная, але дакладна не мілая. Яна знішчае і забівае ўсё, што можа: эканоміку, культуру, людзей. Гэта не мы яе “раззлавалі”, яна такая і ёсць, і такой заўсёды была.
Так што аматары “не злаваць” могуць прыслухацца да ўласнай парады. Няхай вяртаюцца ў Беларусь. Камісія па вяртанні яшчэ працуе, а ў клубе Васкрасенскага і Пратасевіча заўсёды знойдзецца месца для чарговага гартацеля старонак.
А мы не будзем падманвацца. Лука не дзед і не бацька. Пацук. Прусак. Людажэр. Здраднік. Забойца. Ваенны злачынца. Добрыя дзеды гадуюць унукаў, дрэнныя – псуюць унукам нервы. А лука павінен сядзець у турме. Так і будзе.
Жыве Беларусь!