Святлана Ціханоўская — пра мужа: «Роўна год назад рэжым апошні раз паказаў майго мужа. З таго моман…

Святлана Ціханоўская — пра мужа:

«Роўна год назад рэжым апошні раз паказаў майго мужа. З таго моманту ні мы – яго сям’я – ні беларусы нічога не ведаем пра Сяргея.

Яго бесчалавечнае зняволенне доўжыцца ўжо больш за чатыры гады. Маё сэрца разрываецца ад думкі, што ён там адзін. Без магчымасці бачыць, як растуць нашыя дзеткі, як яны вучацца, смяюцца і пазнаюць штосьці новае. Кожны дзень без яго – гэта выпрабаванне, якое немагчыма апісаць словамі.

Месяц таму Карней і Агнія намалявалі і прынеслі са школы паштоўкі да Дня бацькі. Сяргей дагэтуль не атрымаў гэтыя падарункі, як і не атрымаў дзясяткі тысяч вашых лістоў падтрымкі. Мы пазбаўленыя ўсіх магчымасцяў сувязі з Сяргеем, лістоў не атрымліваюць нават нашыя дзеці…

Я падзяляю боль тысячаў сем’яў палітзняволеных – і разумею, што такое чакаць вестачкі ад роднага чалавека. У мяне таксама бываюць моманты, калі ў душы пануюць адчай і бяссілле. Але вашая падтрымка не дазваляе апускаць рукі – і матывуе працягваць працу. Менавіта ў такія моманты я разумею: толькі разам – праз дапамогу адно аднаму – мы можам дамагчыся, каб усе палітвязні апынуліся на волі.

Дарагія беларусы! Кожны з нас можа прыспешыць гэты дзень: напісаць ліст ці паштоўку, зрабіць данат, выйсці на акцыю салідарнасці, падтрымаць сем’і палітзняволеных. Не бывае маленькай дапамогі: кожны ўчынак набліжае нас да дня, калі мы зможам абняць сваіх родных».