«Як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку», – Святлана Ціханоўская да Дня вайскова…

«Як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку», – Святлана Ціханоўская да Дня вайсковай славы

«Сёння мы адзначаем Дзень беларускай вайсковай славы – дзень, калі наш народ здабыў адну з найслаўнейшых перамогаў у сваёй гісторыі. У 1514 годзе ў Аршанскай бітве нашыя продкі здолелі на доўгі час спыніць тыя ж самыя захопніцкія амбіцыі Расійскай дзяржавы, з якімі сучасны свет змагаецца сёння.

Менавіта Аршанская бітва дапамагае памятаць істотную рэч: нават калі сілы няроўныя, дух і праўда на баку тых, хто змагаецца за справядлівасць. Сёння, як і тады, Беларусь сутыкаецца з пагрозай страціць незалежнасць. Але дастаткова пагартаць падручнікі нашай гісторыі, каб упэўніцца: народ заўсёды зможа даць адпор агрэсару, бо цэніць свабоду і ведае, якой цаной яна нам дасталася.

Памятаць гісторыю неабходна, але ў нас ёсць і сучасныя героі:
смелыя мужчыны і жанчыны, якія ваююць на франтах Украіны за свабоду не толькі гэтай краіны, але і за незалежнасць нашай Беларусі. Яны працягваюць справу тых, хто адстойваў нашую зямлю пяць стагоддзяў таму – змагаюцца з тым жа агрэсарам, што і нашыя продкі. Мэты ў гэтага агрэсара не змяніліся: захапіць нашую зямлю, знішчыць нашую мову, культуру і права жыць так, як мы самі хочам. Ён, як і 500 гадоў таму, забівае безабаронных, выпальвае ўсё да асновы.

Я веру, што дух нашых продкаў жыве ў кожным з нас. І менавіта сёння кожны з нас можа рабіць унёсак у гэтую барацьбу – праз выхаванне дзяцей, вывучэнне мовы, дапамогу вайскоўцам ва Украіне.


Памятайце: як і 500 гадоў таму, праўда і справядлівасць на нашым баку.
Таму мы абавязкова пераможам. Жыве Беларусь!»