Прачытаць той самы першы выпуск “Мужыцкай праўды” можна далей:
Дзецюкі!
Мінула ўжэ тое, калі здавалася ўсім, што мужыцкая рука здасца толькі да сахі, — цяпер настаў такі час, што мы самі можам пісаці, і то пісаці такую праўду справядліву, як Бог на небе. О, загрыміць наша праўда і, як маланка, пераляціць па свеце! Няхай пазнаюць, што мы можам не толькі карміць сваім хлебам, но яшчэ і вучыць сваёй мужыцкай праўды.
Пыталі і пытаюць усе, што чуваці на свеце, хто нам, бедным мужыкам, дасць вольнасць? Но, праўду сказаўшы, мала хто хоча сказаці так, як сумленне кажа — па справядлівасці. Мы, мужыкі, браты вашыя, мы вам будзем гаварыць цэлую праўду, толькі слухайце нас!
Маскалі, чыноўнікі і многа паноў будуць перапыняць пісьмо наша да вас, но найдуцца людзі і з мужыкоў разумнейшыя, і з панскага роду, і з местачковых, што хочуць вашай свабоды, вашага шчасця,— яны то вам самі гэта пісьмо даваці будуць, каб вы зналі, хто ваш прыяцель, а хто ваш вораг.
Шэсць лет ужэ мінула, як пачалі гаварыць а свабодзе мужыцкай. Гаварылі, талкавалі і пісалі многа, а нічога не зрабілі. А гэты маніфэст, што цар з сэнатам і з панамі для нас напісаў, то такі дурны, што чорт ведае да чаго ён падобны,— ніякай у нём няма праўды, няма з яго для нас ніякой карысці. Парабілі канцылярыі, зрабілі суд, як бы гэта не ўсё роўна браць у сраку чы з судом, чы без суда. Парабілі пісараў, пасрэднікаў, а ўсё за мужыцкія грошы, і вялікія грошы — чорт іх ведае на што; для таго хіба, каб запісывалі ў ксёнжкі, як многа напішуць на сраках мужыцкіх. А з гэтага то і відаць, што нам нічога добрага і не думалі зрабіці.
Праўда, абяшчалі то калісь даць нам вольнасць, но як нам здаецца на наш мужыцкі розум, што хочуць ашукаці, бо калі праз шэсць лет нічога не зрабілі, то чэраз рок пэўне не зробяць. Могуць яшчэ напісаці і другі маніфэст, яшчэ большы ад гэтага, но і з гэтага другога маніфэсту нічога добрага, як і з першага, не будзе.
Ад маскаля і паноў няма чаго спадзяваціся, бо яны не вольнасці, а глуму і здзерства нашага хочуць. Но не доўга яны нас будуць абдзіраці, бо мы пазналі, гдзе сіла і праўда, і будзем ведаць, як рабіць трэба, каб дастаць зямлю і свабоду. Вазьмемся, дзецюкі, за рукі і дзяржэмся разам! А калі паны схочуць трымаць з намі, так няхай жа робяць па свентай справядлівасці: бо калі іначай — так чорт іх пабяры! Мужык, пакуль здужае трымаці касу і сакеру, бараніць свайго патрапіць і ў нікога ласкі прасіць не будзе.
Гэту Мужыцкую Праўду напісаў і зноў пісаці будзе Яська-гаспадар з-пад Вільні
Усе нумары можна прачытаць анлайн на беларускай палічцы knihi.com.