
Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў цягам найбліжэйшых 4–5 гадоў плянуе аблічбаваць каля 23 мільёнаў выяваў дакумэнтаў.
Для Беларусі асаблівую цікавасьць маюць судовыя кнігі ВКЛ (амаль 16 тысяч), царкоўныя мэтрыкі, справы аб пацьверджаньні шляхецтва і пашпартныя карткі жыхароў Вільні за 1915–1917 гады. Гэтыя матэрыялы могуць быць важныя для дасьледаваньня беларускай гісторыі і пошуку продкаў.
Праект рэалізуецца пры падтрымцы амэрыканскай арганізацыі FamilySearch. Лічбавыя копіі будуць даступныя бясплатна праз партал арганізацыі і электронную сыстэму літоўскіх архіваў.
Аблічбоўка таксама мае на мэце захаваць дакумэнты ад магчымай страты на фоне расейскай агрэсіі: найбольш важныя калекцыі архіву расейскія акупацыйныя войскі вывозілі двойчы: у 1915 і 1939 гадах.