«Ці праіснуе Савецкі Саюз да 1984 года?» — так называлася кніга савецкага дысідэнта Андрэя Амальрыка, напісаная ў 1969 годзе.
Адказ мы сёння ведаем: да 1984 года ён праіснаваў, але пасля гэтага — ужо нядоўга.
Добрая навіна ў тым, што падобнае пытанне можна сёння задаць і пра сучасную Расею: ці праіснуе яна не тое што да 2084 года, але хаця б да 2034-га ці да 2044-га?
І таксама можна спадзявацца, што не. Што і з’яўляецца галоўным шанцам і надзеяй на беларускае нацыянальнае адраджэнне.
Але трэба разумець і адваротнае: калі ўвесь гэты час праіснуе сучасная шавіністычная Расея ці пасля Пуціна яна стане нават горшай, дык паўстане ўжо іншае пытанне: колькі яшчэ праіснуюць беларусы як асобны народ і Беларусь як асобная дзяржава? І, дарэчы, не толькі яны — але гэта ўжо іншая гаворка.
Можа быць, хтосьці абразіцца на гэтым месцы: маўляў, Беларусь на тое і Беларусь, што «жыве вечна».
Але, шчыра кажучы, гэты лозунг такі ж празмерна ідэалістычны, як і шмат што ў распаўсюджаным беларускім нацыянальным наратыве.
Бо народы не жывуць вечна. І нават тыя, пра якія існуюць міфы аб іх шматтысячагадовым існаванні, як, напрыклад, пра кітайцаў. Бо калі ведаць, як менавіта ўсё гэта там адбывалася, пачынаеш разумець, наколькі складаным быў гэты працэс. А таксама тое, што кітайцы ў іх сучасным выглядзе — гэта вынік мадэрнага кітайскага нацыяналізму XX стагоддзя.
Габрэі таксама паўсталі як мадэрная нацыя, існаванне якой істотна адрозніваецца ад жыцця ашкеназаў у мястэчках Вялікай Літвы і Польшчы, — у выніку поспеху мадэрнага габрэйскага нацыяналізму (сіянізму) і радыкальнай трансфармацыі ўласнага жыцця.
У армян іх сучасны лідар Нікол Пашынян падкрэслівае, што армянам, каб захавацца як нацыі, трэба пазбавіцца летуценнага мыслення дыяспары і згуртавацца вакол хай і невялікай, але сваёй сапраўднай нацыянальнай дзяржавы.
Бо ёсць і іншы прыклад таго, што адбываецца нават з народамі з тысячагадовымі назвамі, не здольнымі да нацыянальнай трансфармацыі, — асірыйцы. Ці шмат дапамагае ім сёння іх тысячагадовая гісторыя без уласнай нацыянальнай дзяржавы?
Тут, напэўна, хтосьці скажа: але ж менавіта свая дзяржава ў беларусаў якраз і існуе.
Пра гэта яшчэ пагаворым асобна, але цяпер сцісла канстатуем: дзяржава з назвай Беларусь сапраўды ёсць. І трэба падкрэсліць, што гэта лепш, чым калі б яе ўвогуле не існавала. Але сутнасць яе такая, што гэта не нацыянальная дзяржава, не дзяржава беларускай нацыі, а збольшага наадварот — дзяржава, якая працуе супраць яе.
Праблемы неразумення сутнасці сучаснай беларускай дзяржаўнасці ўзнікаюць у выніку таго, што яна разглядаецца ў параўнанні з такімі дзяржавамі, як Польшча, Літва і г. д. Але агульнае ў яе з імі толькі тое, што яна мае фармальныя прыкметы незалежнай дзяржавы, у тым ліку міжнароднае прызнанне (якое трэба захаваць — падкрэслім гэта).
Фактычна ж у «Рэспублікі Беларусь» паводле нацыянальна-дзяржаўнага зместу значна больш агульнага з іншымі «рэспублікамі» «русского мира»: Татарстанам, Чувашыяй і г. д., і нават Карэліяй.
І калі мы прызнаем гэтую рэчаіснасць, пытанне «Колькі яшчэ праіснуюць беларусы як народ і Беларусь як асобная краіна?» будзе ўспрымацца як значна больш адэкватнае, чым мантра пра «жыве вечна».
Бо ў колах нацыянальнай інтэлігенцыі народаў гэтых «рэспублік» пытанні аб тым, колькі яшчэ ва ўмовах сучасных тэндэнцый праіснуюць іх народы, у тым ліку, напрыклад, татарскі (дарэчы, каля шасці мільёнаў чалавек), абмяркоўваюцца адкрыта, гучна і даўно.
Вось і беларусам сёння трэба паглядзець праўдзе ў вочы і прызнацца сабе, што ў іх сучасным нацыянальным становішчы значна больш агульнага з татарамі ці нават карэламі, чым з палякамі і літоўцамі.
І спытаць сябе: колькі яшчэ ў такім становішчы беларусы захаваюцца як асобны народ?
Гэта і стане першым крокам да наступнага пытання: а як можна змяніць гэтае становішча, каб забяспечыць нацыянальную будучыню беларускага народа?”
Крыш