Атрымаў ад былога сябры Народнай Грамады наступнае пытанне:
“Добры дзень! Перадаю пытанне, якое некалькі людзей хацелі б задаць: Вашае стаўленне да ўльтыматуму Зяленскага, патрабавання прыбраць расійскія рэтранслятары для навядзення дронаў на працягу тыдня”.
– Стаўленне відавочнае – каму ў Беларусі спадабаецца, калі нашу краіну будуць абстрэльваць дронамі ды ракетамі.
Але справа не ў стаўленні, а ў тым, каб не дапусьціць эскалацыі канфлікта, бо, гледзячы па ўсім, Украіна нанясе паветраны ўдар па тых рэтранслятарах, калі іх не прыбраць.
Рэтранслятары для навядзення дронаў – важная частка расійскай інфраструктуры паветраных удараў, бо выкарыстоўваць для навядзення дронаў спадарожнікавую сістэму Ілана Маска Starlink Расія зараз не можа. Размяшчэнне расійскіх рэтранслятараў у сябе – прамы і відавочны саўдзел у расійскіх паветраных ударах. Вельмі імаверна, што гэтыя рэтранслятары скарыстоўваліся для ўдараў па Кіеву і па Кіева-Пячэрскай лаўры. Адлегласці ад нашай мяжы да Кіева, ды яшчэ пры выкарыстанні вышак, пра якія ўзгадвае Зяленскі, гэта дазваляюць. Таму Ўкраіне жыццёва неабходна нейтралізацыя такіх рэтранслятараў. Пры тым, Кіеў мае магчымасць спасылацца на міжнароднае права і рэалізацыю свайго законнага права на самаабарону. Ды й ўзгадаць ролю Беларусі ў расійскім “бліцкрыгу” ў 2022 годзе.
Не думаю, што Масква дазволіць тутэйшаму “суверэну” прыбраць яе рэтранслятары ці, хаця б, перанесці іх далей ад украінскай мяжы. Тым болей, што яна зацікаўлена ўцягнуць Беларусь ў вайну на сваім баку.
Таму, хутчэй за ўсё, ўдар па рэтранслятарах будзе нанесены.
Але галоўнае зараз, каб украінскі ўдар абмежаваўся толькі гэтымі рэтранслятарамі ды не прывёў да эскалацыі канфлікту і ўцягвання нашай краіны ў вайну.
Беларускаму рэжыму прыйдзецца неяк жа адказваць на ўдар, калі той здарыцца. Будзе складана абмежавацца толькі дыпламатычнымі дэмаршамі, бо такі адказ выкліча нэгатыўную рэакцыю расчараванага Крамля і яго прапаганды. Але гэтую рэакцыю можна перажыць. Калі ж адказаць ударам на удар, то мяжа паміж Украінай і Беларуссю, большасць якой праходзіць па палескіх балотах, абцяжарвае наземныя дзеянні войскаў. У выніку, канфлікт ад пачатку ці праз некаторы час непазбежна пяройдзе ў абмен ракетнымі і дронавымі ўдарамі. Некалькі дзесяткаў беларускіх “Паланэзаў” і расійскіх “Іскандэраў” скончацца хутка. Нават, калі Масква і падзеліцца яшчэ некалькімі сотнямі “Шахедаў”(ці “Гераняў”), усё роўна, гэты абмен ударамі вельмі хутка пяройдзе ў стадыю аднабаковых удараў Украіны, бо яе перавага, нават перад РФ, ў масавай вытворчасці і дакладным прымяненні дронаў сярэдняй і вялікай дальнасці робіцца відавочнай. А пра Беларусь і казаць няма пра што. Я нават не маю на ўвазе рызыку для рэжыма ва ўзбраенні вялікай колькасці дарослых беларусаў у выпадку канфлікту “на зямлі”. Але, пры масавых паветраных ударах Украіны, з’явяцца рэальныя пагрозы не толькі для беларускай прамысловасці ды інфраструктуры, але і для ўсіх грамадзян нашай краіны. Такіх пагроз лепей пазбегнуць.
Што рабіць беларускім уладам, каб не дапусціць негатыўнага развіцця падзей?
Безумоўна, можна выйсці на Кіеў і некаторы час абяцаць і цягнуць час. Але тады ёсьць імавернасць нарвацца на раптоўны ўдар, што павялічвае рызыку чалавечых ахвяр.
Думаю, што, ў любым выпадку, трэба наладзіць сістэму апавяшчэння грамадзянаў аб паветранай пагрозе ў паласе ад украінскай мяжы да гэтых рэтранслятараў, абавязаць мясцовыя ўлады і вясковае насельніцтва ў гэтай паласе абсталяваць бамбасховішчы, хоць у падвалах шматкватэрных дамоў ці нават ва ўласных склепах.
Яшчэ, не імкнуцца збіваць ўкраінскія дроны і ракеты сродкамі беларускай супрацьпаветранай абароны. Зенітных ракет мала і яны дарагія, а галоўнае – навошта збіваць тое, што ляцяць да расійскіх рэтранслятараў? Толькі, каб абломкі тых украінскіх дронаў ці беларускіх зенітных ракет падалі на галовы мірнага насельніцтва?