Фантазіі выведніка. Ніякіх прыкмет падрыхтоўкі войскаў у Эўропе да вайны “ў найбліжэйшыя месяцы”. Ні…

Фантазіі выведніка. Ніякіх прыкмет падрыхтоўкі войскаў у Эўропе да вайны “ў найбліжэйшыя месяцы”. Ніякіх прыкмет таксама вываду войскаў ЗША з краін ЭЗ. Менавіта яны, а не арт. 5, сталіся б прычынай заангажаваньня ЗША ў канфлікт. А яны там на аснове пераважна двухбаковых дамоў, а не ад штабу НАТО.  Арт. 5 дамовы НАТО дазваляе, а не загадвае ЗША пачаць вайну з краінай, якая б напала на іншага сябра НАТО. Апроч таго, нават у разе нейкіх баявых дзеяньняў з РФ на пэрыфэрыі Эўропы, гэта б быў імаверна маламаштабны і статычны канфлікт і НАТО ня будзе яго эскаляваць. У такім канфлікце можна заставацца хоць 20 гадоў. НАТО не разьлічана на наступальныя дзеяньні, БК мае на 2 тыдні буйнамаштабнай вайны, пасьля ў разе падыходу войскаў Варшаўскае дамовы да лініі Бонн прадгледжвалася (амэрыканская) тактычная ядзерка або французкая суб-стратэгічная ядзерка – і запрашэньне нападніка да перамоў. Калі наступ агрэсара ня спыніцца, яшчэ насыпаць тактычнай ядзеркай і новае запрашэньне да мірных перамоваў.

Пры тым, што не фармальны тэкст арт. 5, а прысутнасьць войскаў ЗША прывяла б да ўдзелу ЗША ў вайне ў Эўропе, фармальнае выйсьце ЗША з НАТО надта складанае. Па законе 2023 году, прэзыдэнт ЗША ня можа выйсьці з НАТО, не атрымаўшы за гэта 2/3 галасоў у Сэнаце ЗША. Пасьля справа застапарыцца праз імаверную падачу ў Вярхоўны суд, бо закранае яшчэ некалькі законаў ЗША. Калі б атрымаў 2/3 у Сэнаце і не перашкодзіў Вярхоўны суд, выйсьце б адбылося праз 1 год пасьля падачы ўрадам ЗША паведамленьня для інш. сяброў. То бок у “некалькі месяцаў” дакладна не ўпісацца, і ня факт, што б упісацца да канца кадэнцыі Трампа, нават калі б пачаць працэс зараз.”
Н.П-еў