Чаму беларусы ў 1918 не здолелі адбудаваць дзяржаву, а ў літоўцаў і ўкраінцаў (1917–1921) гэта атрым…

Чаму беларусы ў 1918 не здолелі адбудаваць дзяржаву, а ў літоўцаў і ўкраінцаў (1917–1921) гэта атрымалася? Беларусы менш хацелі сваю дзяржаву?

Не, справа не ў гэтым.

Розніца была ў палітычных умовах. У Літве і ва Украіне нацыянальныя эліты да 1917 года былі значна лепш арганізаваныя. Пакуль у Беларусі вынішчалася ўсё нацыянальнае пасля паўстання Каліноўскага, ва Украіне мясцовыя эліты прасоўвалі сваю культуру і ўкраінскія каштоўнасці. А Літве імперыя надзяляла менш увагі, бо русіфікаваць літоўцаў было значна складаней.

Таму ў літоўцаў дзейнічала Літоўская Тарыба, якая ў 1918 годзе абвясціла незалежнасць і змагла стварыць органы ўлады. Ва Украіне з’явілася Украінская Цэнтральная рада, якая кантралявала вялікую частку тэрыторыі і мела ўласныя ўзброеныя сілы.

У Беларусі таксама існавала Рада БНР, але яна фактычна не кантралявала тэрыторыю, не мела сваёй арміі і моцна залежала ад нямецкай акупацыйнай адміністрацыі. Таму ў выпадку Літвы і Украіны гаворка ішла пра рэальную ўладу, а ў выпадку Беларусі – хутчэй пра дэкларацыю незалежнасці без магчымасці яе абараніць.

Але галоўны фактар – немцы. Пасля Брэсцкага міру значная частка тэрыторый былой імперыі апынулася пад кантролем Германіі. Немцы падтрымалі стварэнне літоўскай дзяржавы, бо хацелі мець буфер паміж сабой і расіяй. Украінскую дзяржаву яны таксама падтрымалі, бо ім была патрэбна ўкраінская сельская гаспадарка і пастаўкі збожжа. А ў незалежнай Беларусі немцы не бачылі для сябе выгоды.

Пасля паразы Германіі ў Першай сусветнай вайне лёс Беларусі вырашаўся ўжо не ў Мінску, а ў супрацьстаянні паміж Польшчай і бальшавікамі. Але ніводны з бакоў не быў зацікаўлены ў стварэнні незалежнай беларускай дзяржавы. Польшча разглядала беларускія землі як частку сваёй польскай прасторы, а бальшавікі – як тэрыторыю для савецкай рэспублікі.

У выніку пасля Беларусь была падзеленая імі. Літва здолела захаваць незалежнасць, бо была меншая, больш этнічна аднародная і паспела атрымаць міжнароднае прызнанне пасля падтрымкі немцамі.

Украіна таксама спрабавала стаць незалежнай, але праз вайну, барацьбу розных армій і ўмяшанне суседніх дзяржаў не змагла ўтрымаць сваю дзяржаўнасць. Супраць незалежнай Украіны спрацаваў роўна той жа фактар, што і супраць Беларусі. Проста пазней.

Таму наступны дзень незалежнасці святкавалі ўжо ў 1991.

  Наш Patreon
 
Наш Buymeacoffee