Чаму беларусы абвяшчалі незалежнасць БНР трыма граматамі? Яны што, не маглі з першай спробы?
Насамрэч, паміж Першай і Трэцяй Устаўнымі граматамі ёсць істотная розніца – але важныя ўсе тры. Бо Першую, Другую і Трэцюю граматы можна назваць трыма крокамі да незалежнасці.
Першая Устаўная грамата абвяшчала, што ўлада на беларускіх землях павінна перайсці да органаў, створаных беларускім народам. Грамата фактычна абвяшчала Раду Усебеларускага з’езда часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абяцала склікаць Усебеларускі Устаноўчы сход, які мусіў канчаткова вырашыць пытанне пра дзяржаўны лад краіны. Асноўная ідэя першай граматы – узяць уладу ў свае рукі пасля распаду старых дзяржаўных структур Расійскай імперыі і бальшавіцкай адміністрацыі.
Другая Устаўная грамата ўжо абвяшчала Беларускую Народную Рэспубліку як дзяржаву – але слова «незалежная» там яшчэ не было. Дзяржава магла быць у складзе федэрацыі ці канфедэрацыі – і дзяржаўны лад Беларусі яшчэ планавалі вызначыць у будучыні.
А вось Трэцяя Устаўная грамата ўжо абвяшчала непасрэдна незалежнасць. Паміж Другой і Трэцяй прайшло крыху больш за два тыдні часу, але для беларускай дзяржаўнасці яны праляцелі як гады. За гэты час Рада Усебеларускага з’езда, якая абвяшчала сябе часовай уладай Беларусі, дайшла ад думкі пра аўтаномію да думкі пра незалежнасць. Яе і абвясцілі 25 сакавіка. Акрамя таго, Трэцяя Устаўная грамата абвяшчала межы Беларусі – згодна з этнаграфічным рассяленнем беларусаў.
Без гэтых грамат і без абвяшчэння незалежнасці сёння беларусы, хутчэй за ўсё, не мелі б уласнай дзяржавы. Бо бальшавікі, якія знішчылі БНР, не бачылі ў беларусах асобны народ. Але пасля 1918 яны былі вымушаныя лічыцца з беларускай самасвядомасцю і ствараць марыянетачную БССР замест таго, каб уключаць Беларусь у склад РСФСР.
Наш Patreon
Наш Buymeacoffee
Годная гісторыя
Ці ведалі вы, што жанчыны ў БНР атрымалі тыя ж правы, што і мужчыны, – раней чым у большасці краін Еўропы?
25 сакавіка 1918 года Трэцяй устаўной граматай была абвешчаная незалежнасць БНР. А за два тыдні да гэтага – у Другой устаўной грамаце – была абвешчаная…