Улады Польшчы патлумачылі, чаму адкрылі два пераходы на мяжы зь БеларусьсюМіністэрства ўнутраных спр…
Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы падкрэсьліла, што рашэньне адкрыць 17 лістапада два памежныя пераходы з Беларусьсю стала магчымым дзякуючы ўшчыльненью аховы мяжы, на якой рабіліся масавыя спробы незаконнага трапляньня ў Польшчу.
Рашэньне было прынята, сярод іншага, пасьля кансультацый з мясцовымі ўладамі і прадпрымальнікамі з Падляскага ваяводзтва, якія даўно патрабуюць адкрыцьця хаця б аднаго аўтамабільнага памежнага пераходу ў рэгіёне, піша агенцтва ПАП.
«Калі мяжа застаецца шчыльнай, калі польская дзяржава будзе ведаць, што яна ў бясьпецы, мы адкрываем гэтыя два пераходы», — сказаў падляскі ваявода Яцэк Бжазоўскі на прэс-канфэрэнцыі ў Баброўніках. Ён падкрэсьліў, што падчас закрыцьця абодвух пераходаў «падляскія прадпрымальнікі трацілі свае даходы і сродкі да існаваньня».
Ён адзначыў, што Падляскае ваяводзтва — гэта, з аднаго боку, сельскагаспадарчы рэгіён, але з іншага боку, рэгіён, у якім трансмежны і прымежны гандаль адыгрываў і працягвае адыгрываць фундамэнтальную ролю.
«Скасаваньне гэтага ў 2021 і 2023 гадах проста прывяла да заняпаду адной з галоўных частак эканомікі — прадпрымальніцкай эканомікі ў нашым рэгіёне», — сказаў Бжазоўскі.