У Літве затрымалі 4 чалавек, датычных да кантрабанды цыгарэт зь Беларусі паветранымі балёнаміПра гэт…

У Літве затрымалі 4 чалавек, датычных да кантрабанды цыгарэт зь Беларусі паветранымі балёнамі

Пра гэта паведаміла Генэральная пракуратура Літвы.

Іх затрымалі 26 кастрычніка на паўднёвай ускраіне Вільні. У аўтамабілі знайшлі тры скрыні з 500 пачкамі цыгарэт зь беларускімі акцызнымі маркамі ў кожнай.

Затрыманым ад 29 да 40 гадоў. Усе яны — з Салечніцкага раёну, які мяжуе зь Беларусьсю. І ўсе ўжо былі раней пад судом.

Цяпер ім пагражае да 4 гадоў зьняволеньня.

Сёлета за кантрабанду цыгарэт балёнамі ў Літве пачалі 21 расьсьледаваньне і выявілі 50 падазраваных.

Асудзілі ўжо 18 чалавек — на штрафы, а некаторых і на зьняволеньне.