Адзін з палітвязьняў апавёў праваабаронцам «Вясны» пра Генрыха Агеева, зь якім сядзеў у СІЗА КДБ. Паводле гэтай гісторыі, Агееў паехаў у Крым на заданьне Аляксандра Азарава з ByPol, у лютым 2024-га яго там схапілі, кінулі ў вязьніцу ФСБ, білі і катавалі. А ў верасьні 2024 году перадалі беларускаму КДБ. У Менску яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» і «ўдзеле ў тэрарыстычнай арганізацыі».
Аляксандар Азараў на гэта заявіў, што ня ведае Агеева і ніколі не адпраўляў ні яго, ні кагось іншага з заданьнямі за межы Беларусі.
Зь ягонай заявы таксама вынікае, што існуе нейкі чалавек, які ад імя ByPol ці Каардынацыйнай рады падманам падбіваў актывістаў на выкананьне небясьпечных для іх заданьняў за мяжой.